сло́та, ‑ы, ДМ слоце і слата́, ‑ы, ДМ слаце, ж.
1. Сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам. Прыйшла восень з дажджамі, слотай, а перамогі ўсё не было. Пальчэўскі. Здавалася, што кожны тэлеграфны слуп пры шляху гудзе бесперапынна: і нудна, клічучы вятры і непагадзь, асеннюю слату і холад. Чарнышэвіч. У зімнюю завіруху і ў асеннюю слоту стаяў ён [дзядзька Яўтух], узіраючыся ў густую цемру, у сіняваты змрок, у туманнае ранне. Бялевіч. Ды і самі вуліцы, асабліва ў веснавое разводдзе ці асеннюю слату, .. танулі ў балоце. Мележ. // Вільгаць, макрэча. Асенні снег доўга не трывае — прыбаўляе слаты. Навуменка. І, разагрэты шпаркаю хадою па слоце каламутных каляін, шапчу... рыфмую з шолахам ялін смак цыгарэт і водар сырадою... Федзюковіч. / у паэт. ужыв. Пражыў на свеце многа: Вёз нечага сто год. За век пабачыў гора, Нямала вынес слот. Жылка.
2. м. і ж.; перан. Пра чалавека, які надакучае, прыстае. [Бабуля:] — Адчапіся, слата, у горле перасохла. Прадзі вось лепш, а то будзе бацька без кашулі. Брыль.
•••
Вязацца слатою (слотаю) гл. вязацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)