Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пялёсканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пялёскацца, а таксама гукі гэтага дзеяння. Раптам, зусім блізка, пачулася лёгкае пялёсканне. Стаховіч.

пялёскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Ударацца аб што‑н., утвараючы пры гэтым шум; плюхацца (звычайна пра ваду). Мора ў гэты час было спакойнае і ляніва пялёскалася аб гальку. Паслядовіч. Голас замоўк, але ўсім здавалася, што ўсё яшчэ адказваюць, адгукаюцца яму і паплавы з шолахам дубоў, і Дняпро, што пялёскаўся ля берага. Караткевіч.

2. Рухацца, перамяшчацца ў вадзе, распырскваючы яе і робячы пры гэтым характэрныя гукі. У недалёкай рачулцы пялёскаліся, відаць, качкі. Лынькоў.

3. Купацца, мыцца, распырскваючы ваду. Каля.. [дачніц], з берага, пялёскаюцца і вішчаць ад захаплення іх дзеці. Васілевіч. З задавальненнем пялёскалася .. [Людміла] каля студні. Місько.

пялёстак, ‑тка, м.

Асобны лісток з вяночка кветкі. [Кветка] ўлюбёна падстаўляла сонцу свае чатыры шырокія глянцавітыя пялёсткі. Быкаў. Зося нахіляецца, зрывае рамонак, паволі шчып[а]е бялюткія пялёсткі. Шынклер.

пялёсткавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пялёстка. Пялёсткавая будова кветкі.

пя́льцы, ‑аў; адз.

Прыстасаванне для вышывання ў выглядзе рамы, на якую нацягваецца і замацоўваецца тканіна. [Дзіміна] пайшла, непрыкметна захапіўшы з тумбачкі кошык з вязаннем і пяльцы Веры Антонаўны. Карпаў.

пялю́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Абл. Пялёнка (у 2 знач.). Міхал падступіўся да парадзіхі і адгарнуў пялюшку. Лужанін.

пянчу́к, пенчука, м.

Невялікі пень. На невысокім пенчуку пры агеньчыку сядзеў чалавек у шэрай суконнай світцы. Якімовіч. Глядзіш — то там, то тут свежы нізкі пянчук. Гартны.

пянька́, ‑і, ДМ ‑ньцы, ж.

Канаплянае валакно. [Нямко] то плёў лапці, то віў з пянькі путы, то вымайстроўваў якую-небудзь штуку з чачоткі. Кулакоўскі.

пянько́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пянькі. // Выраблены, зроблены з пянькі. Пяньковы пояс. Пяньковыя вяроўкі. □ Жанчына трымала ў левай руцэ аброць з вузлаватым пяньковым повадам. Мележ.

пярві́чны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца першым, пачатковым звяном якой‑н. арганізацыі; нізавы. Пярвічныя партыйныя арганізацыі.