Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

меркантылі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да меркантыліста, меркантылістаў. Меркантылісцкія погляды.

мерканты́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць меркантыльнага (у 2 знач.).

мерканты́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы меркантылізму (у 1 знач.).

2. перан. Кніжн. Да дробязі ашчадны, своекарыслівы.

ме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. меркнуў, ‑нула і мерк, ‑ла; незак.

1. Траціць паступова яснасць; цямнець. У прагаліне паміж дрэў відно было неба. Яно меркла і з кожнай секундай здавалася глыбейшым. Чорны. Водбліскі ад агню то ўспыхвалі, то раптам мерклі, знікалі, праглынутыя цемрай ночы. Лынькоў.

2. перан. Траціць сілу, значэнне; слабець. Мінаюць гады, а веліч нашай рэвалюцыі не меркне. «ЛіМ». У яго [Стафанковіча] душы меркла і траціла сэнс усё іншае, што жыло ў людзях і не належала да тых спраў, якія поўнілі ўсю яго істоту. Чорны.

мерла́н, ‑а, м.

Рыба сямейства трасковых, якая водзіцца ў прыбярэжнай зоне Еўропы.

мерлу́за, ‑ы, ж.

Марская драпежная рыба сямейства трасковых, якая мае прамысловае значэнне.

ме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мернага (у 1, 3 знач.).

ме́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Рытмічны, роўны. Каля крамы мясцовага сельпо ходзіць начны вартаўнік, паглядае на вокны, што свецяцца ў познюю пару, ды прыслух[оў]ваецца да мернага пастуквання паравіка. Шахавец. Сцёпка трохі падумаў. Ні да чаго пэўнага не дадумаўшыся, выйшаў на вуліцу і мерным крокам, як чалавек сталы, пайшоў у бок Андрэевай хаты. Колас.

2. Які служыць для вымярэння чаго‑н. Мерны ланцуг. Мерная рэйка.

3. Разм. Сярэдні па сіле, памерах. Юнак той — прапаршчык Дзяжа. У росце мерны, цёмна-русы. Колас.

мерсерызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. да мерсерызаваць.

мерсерызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да мерсерызаваць.