бу́кса, ‑ы, ж.
Металічная каробка з падшыпнікам, які перадае ціск вагона, паравоза і пад. на вось кола.
[Ням. Büchse.]
буксава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. буксаваць.
буксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
Круціцца, не рухаючыся з месца (пра колы аўтамабіля, паравоза і пад.). Матор раве, заднія колы буксуюць, а машына стаіць. Хомчанка. // Пра аўтамабіль і пад., у якога колы круцяцца на адным месцы. Ехаць прыйшлося доўга, машыны часта буксавалі. Новікаў. // перан. Не рухацца наперад, таптацца на адным месцы.
бу́ксавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да буксы. Буксавы болт. Буксавы клін.
буксі́р, ‑а, м.
1. Канат або стальны трос, пры дапамозе якога адно судна можа цягнуць за сабой другое або машына машыну. Адзін за адным ішлі кацеры, цягнучы на буксірах гружаныя баржы. Лупсякоў.
2. Судна, прызначанае для перацягвання несамаходных суднаў, плытоў. Запляскалі лопасці буксіра, выпрастаўся, напяўся трос, і пантон стаў паволі адыходзіць ад берага. Мележ. Маленькі буксір падцягнуў карабель да прычала. Шамякін.
•••
Браць на буксір гл. браць.
буксі́раванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. буксіраваць.
буксі́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да буксіраваць.
буксі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Цягнуць за сабой на буксіры (у 1 знач.) судна, аўтамашыну і пад. «МАЗамі» лес падавалі .. да прыстаняў, а ўжо адтуль што буксіравалі на Гомель, а што на беразе штабелявалі да веснавога сплаву. Карамазаў.
[Ад гал. boegseren.]
буксі́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да буксіра. Буксірны трос, крук.
2. Які цягне што‑н. за сабой на буксіры (у 1 знач.). Як толькі прайшоў крыгаход, на рацэ затарахцеў буксірны кацер і пацягнуў з аднаго на другі бераг вялізны паром. Грахоўскі.