бато́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
Уст. Учыняць кару, катаваць батагом ці чым‑н. іншым. Ірад меў шляхецкі ўбор і хітры Твар лісіцы І ў руках бізун, Якім батожыў мужыкоў заўсёды. Танк.
бато́метр, ‑а, м.
Прыбор, пры дапамозе якога бярэцца вада з розных глыбінь прыроднага вадаёма для вызначэння яе хімічных і фізічных уласцівасцей і інш.
[Грэч. báthos — глыбіня, metreō — мераю.]
бато́н, ‑а, м.
Белы хлеб прадаўгаватай формы. Кавалак батона.
[Фр. bâton — палка.]
бато́нніца, ‑ы, ж.
Пластмасавая скрынка для захоўвання батона, хлеба.
батра́к, ‑а, м.
Сельскагаспадарчы рабочы, якога памешчык або кулак наймаў для працы ў сваёй гаспадарцы; парабак. Абеззямеленае сялянства вымушана было ісці да памешчыка і кулака ў батракі або шукаць работу на старане. «Прырода Беларусі». Дзед мой быў вечны парабак-батрак, бацька таксама, і я парабкаваў ды батрачыў. Янкоўскі.
батра́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які належыць батраку, уласцівы батраку; складаецца з батракоў. Батрацкі хлеб быў дужа горкі. Ты ўспамінаеш са слязой, Як жала, ткала, на вячоркі Хадзіла ў дом чужы зімой. Ляпёшкін. Слоў у песні нямнога, ды словы — простыя і горкія, як батрацкая доля. Брыль. [Селянін:] — А Сёмку-матроса, які быў у батрацкім камітэце, выдаў пан немцам. Лынькоў.
батра́цтва, ‑а. н.
1. Становішча батрака; занятак батрака. Максім Шахневіч з пятнаццаці гадоў служыў у батраках і толькі за год да ваеннай службы кінуў сваё батрацтва. Колас.
2. зб. Батракі як сельскі пралетарыят.
батра́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да батрак.
батра́чы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і батрацкі. Не дарэмна кажуць: «Батрачы хлеб — сабачы». Якімовіч.
батра́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Працаваць батраком, жыць батрацкім жыццём. — А бог? — Мана і бог. Чаму ён нам з табою, Скажы, не дапамог? Чаму, калі батрачыў, Ён мне не даў зямлі? Куляшоў.