Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

баражы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Патруляваць у паветры для аховы аб’ектаў ад авіяцыі праціўніка (пра самалёты).

баразёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да баразна (у 1, 2 знач.). А я жыта не жала, у баразёнцы ляжала. З нар.

2. Падоўжнае заглыбленне на пласцінках як спосаб гуказапісу. Блішчастая галоўка мембраны вострай іголкай застыла на першай баразёнцы пласцінкі. Паўлаў.

баразённы, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца непасрэдна ў барозны. Баразённая пасадка.

баразна́, ‑ы; мн. барозны, ‑разён; ж.

1. Доўгі паглыблены прарэз на паверхні глебы. зроблены плугам ці іншымі сельскагаспадарчымі прыладамі. Баразна вылузвалася з-пад лемяша, бегла за плугам, цьмяна пабліскваючы на сонцы, і слалася, гарнулася да свежага вагона. Капыловіч. // Выараны плугам рад бульбы. Разараўшы шэсць баразён, па дзве на выбіральшчыка, Андрэй выпраг з плуга каня і закурыў. Чарнышэвіч.

2. Падоўжанае паглыбленне на чым‑н.; маршчына, складка. У.. [Намысніка] ўжо на шчоках прарэзаліся ад носа да падбародка глыбокія барозны. Грамовіч. Вада ледзь прыкрывае пясок водмелі, пакідаючы на ім лёгкія барозны. В. Вольскі.

3. перан. Пачынанне ў якой‑н. галіне. Пракласці першую баразну. // Лінія размежавання паміж чым‑н.

баразнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Пакрыты барознамі, баразёнкамі. Баразнаватая паверхня.

баразні́цца, ‑розніцца; незак.

Зал. да баразніць.

баразні́ць, ‑разню, ‑розніш, ‑розніць; незак., што.

1. Пракладаць барозны. // Пакідаць пасля сябе сляды, падобныя на барозны. Мора баразнілі рыбацкія шхуны, баркасы. Карпаў.

2. перан. Утвараць складкі, маршчыны.

баразо́н, ‑у, м.

Штучна створанае вельмі цвёрдае крышталічнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры механічнай апрацоўцы паверхні металаў, шкла і інш. і пры вырабе тэрмаўстойлівых ізалятараў.

ба́рак, ‑рка, м.

Тое, што і ворчык.

бара́к, ‑а, м.

Лёгкае збудаванне для часовага жылля, бальнічных мэт. Хвала студэнцкаму бараку — Прытулку нашых дум і мар! Аўрамчык. Горад яшчэ ляжаў у руінах. Людзі жылі ў бараках і зямлянках. Асіпенка. Такім я і запомніў яго з тых далёкіх год вайны, калі Ганс Кегель заходзіў зрэдку да нас, у барак. Сачанка.

[Фр. baraque.]

барака́мера, ‑ы, ж.

Спец. Герметычна закрытае памяшканне, у якім штучна зменьваецца ціск паветра і даследуецца ўплыў вышыні і змененага газавага асяроддзя на арганізм чалавека.

[Грэч. baros — цяжар і camera — пакой.]