банда́рня, ‑і, ж.
Майстэрня, дзе вырабляюць бочкі, цабры, дзежы і пад. У вільготнай шэрані перад.. [Кавалёвым] вырысоўваліся будынкі смалакурні, бандарні, новая будоўля дзягцярні. Чарнышэвіч.
банда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Займацца бондарствам. Сашка ўмеў рабіць усё: шкліць вокны і бандарыць, шыць абутак і сталярнічаць. Пянкрат.
ба́нджа, нескл., н.
Струнны шчыпковы музычны інструмент амерыканскіх нетраў. Акампанемент у складзе банджа, кастаньетаў і некалькіх гітар прайграў уступ усім вядомай песні. Скрыпка.
[Англ. banjo.]
бандзю́к, ‑а, м.
Разм. зневаж. Тое, што і бандзюга. [Салавей:] — Але, таварышы, вы ж ведаеце, што ў Загальскіх балотах, ды і тут па хутарах яшчэ лазяць шляхецкія бандзюкі. Грахоўскі.
банду́ра, ‑ы, ж.
Украінскі шматструнны шчыпковы музычны інструмент з шырокім грыфам. Я палюбіў цябе, край украінскі, За слодыч музыкі бандур тваіх. Журба.
[Ад грэч. pandúra.]
бандуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Музыкант, які іграе на бандуры.
бандуры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да бандурыст.
банды́т, ‑а, М ‑дыце, м.
Удзельнік банды; узброены рабаўнік, разбойнік. Многа буяных драпежных галоў Скацілася з плеч у бандытаў. Крапіва. // Пра таго, хто належыць да контррэвалюцыйнай банды, варожага войска. [Дзюмон:] — Малайцы карэйцы! Так даюць гэтым бандытам па карку, што коцяцца яны на поўдзень без аглядкі. Шамякін.
[Іт. bandito.]