балаго́льства, ‑а, н.
Уст. Занятак, промысел балагола.
бала́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Вершаваны твор асобай формы на легендарную ці гістарычную тэму.
2. Музычны твор эпічнага характару для голасу або інструмента.
[Фр. ballade.]
бала́дны, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы баладам. Баладны сюжэт.
балазе́, злучн. далуч.
Разм. Далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі; па значэнню адпавядае словазлучэнням «тым больш што», «добра што», «добра якраз», «добра, што хоць». Электрыфікатар пайшоў да санітара, балазе жыў ён блізка — праз дзверы. Колас. Пан Зяленскі бубніць паціху пра коней, ды пра белых авечак, балазе здаецца яму, што я сплю. Лынькоў. [Жанчына:] — Уцякайце адсюль. Хавайцеся, балазе туман! Корзун.
бала́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лады, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Вясёлы гаварун, жартаўнік. Побач з Паўлам у траншэі, як і заўсёды быў ягоны неразлучны сябра Саша Пасмітны, шахцёр з Данбаса, ротны весялун і балака. Васілёнак.
бала́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. балакаць.
бала́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Весці гутарку, размаўляць. [Тарас:] — Балакаў я тут нядаўна з людзьмі.. Нялёгка нам прыйдзецца, але... Калі трэба, дык будзем ваяваць, хто як можа. Гурскі.
балала́ечнік, ‑а, м.
1. Музыкант, які іграе на балалайцы. Аркестр у складзе двух цымбалістаў, балалаечніка і гарманіста рыхтаваў народныя песні. Курто.
2. Майстар, які робіць або рамантуе балалайкі.
балала́ечніца, ‑ы, ж.
Жан. да балалаечнік (у 1 знач.).
балала́ечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да балалайкі. Балалаечныя струны. // Які складаецца з балалаек. Балалаечны аркестр.