бадлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае звычку бадацца. Помню, быццам цяпер бачу, як маці доіць у хляве нашу бадлівую Красулю. Марціновіч.
бадмінтані́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, які займаецца бадмінтонам.
бадмінтані́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да бадмінтаніст.
бадмінто́н, ‑а, м.
1. Спартыўная гульня, у якой з дапамогай ракетак перакідваецца спецыяльны мячык (валан) цераз сетку.
2. Камплект рэчаў для такой гульні.
[Ад назвы горада.]
бадмінто́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бадмінтона. Бадмінтонная ракетка.
бадня́к, ‑а, м.
Абл. Корч ад зваленага ў ваду дрэва. А перад хатай, на вуліцы, Зырка палаў смалісты бадняк, корч вялікай сасны, абкладзены дрывамі. Караткевіч.
бады́ліна, ‑ы, ж.
Сцябліна аднагадовай расліны. У высахлых бадылінах кіяшніку шастае зімовы халодны вецер. Навуменка.
бады́лле, ‑я, н.; зб.
Пруткія сцябліны пераважна аднагадовых раслін. Тытунёвае бадылле. □ Каля самай чыгункі спутаныя коні грызлі сухое бадылле леташніх траў. Грахоўскі.
бады́ль, ‑я, м.
Тое, што і бадыліна. Хлопец блукаў вачыма па агародзе Раманюкоў, дзе тлустая, чорная зямля, кукурузныя бадылі, маса лісцяў яблынь, вінаграду і гародніны сведчылі, што тут сабраны багаты ўраджай. Карпюк.