Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

багасло́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да багаслоўя. Багаслоўскія кнігі. // Звязаны з дзейнасцю багасловаў. Багаслоўскія дыспуты.

бага́та,

1. Прысл. да багаты (у 1, 2 і 3 знач.).

2. Разм. Многа, у вялікай колькасці. Багата дзён прайшло. Багата вады ўцякло. □ Навокал было багата нерасталага снегу. Лынькоў.

бага́ткі, ‑так; адз. багатка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Тое, што і малачай, дзьмухавец. За аснову яны бралі тыя спажыўныя дзікарослыя расліны, якія вядомы нам з маленства: белы малачай альбо, як яго яшчэ завуць, багаткі, дзьмухавец, бралі званочкі, ключыкі, валяр’ян. Дубоўка.

бага́тнік, ‑а, м.

Уст. Тое, што і багач (у 2 знач.).

бага́туха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Уст. Тое, што і багач (у 2 знач.).

бага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Шамякін. Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах. Лынькоў. Увосень і верабей багаты. Прыказка. / у знач. наз. бага́ты, ‑ага, м. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі. Якімовіч. Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее. Прыказка.

2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане. Астрэйка. Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года. Ермаловіч. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні. Машара. // на што, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады. Мурашка. // Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам. Шашкоў. // Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля. // Густы, спорны. Багаты дождж. □ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе. Дуброўскі. // Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма. Шахавец. // Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла. Мележ. // Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм. // Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля. // Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну. Пестрак.

4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова. // Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія. // З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга. // З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы. // Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.

•••

Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.

Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.

Чым хата багата гл. хата.

багаты́р, ‑а, м.

1. Той, хто валодае вялікай маёмасцю, мае многа грошай; багач. [Настаўнік:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе. Колас. [Павал:] — Калі я цяпер узбіўся на добрую.. гаспадарку, дык ужо мяне багатыром лічаць. Чорны.

2. Казачны асілак, волат; вялікай сілы і адвагі чалавек, воін. Я не жартуючы хацеў бы пусціць па краіне мастацкае палатно, падобнае па зместу да «Багатыроў» Віктара Васняцова. Толькі сучаснае, аб нашых багатырах, якія стаяць на варце спакою і волі краіны. Брыль. // перан. Пра што‑н. велічнае, магутнае. Вось які ты, слаўны Кіеў, Старажытны багатыр! Жычка.

багаты́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да багатыр (у 1 знач.).

багаты́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да багатыра (у 2 знач.). Багатырскі эпас. // Уласцівы багатыру. Багатырская сіла. // Такі, як у багатыра. — Вы ж бачыце, сіл у мяне — на дваіх. — І нібы жадаючы пацвердзіць свае словы, .. [Рыбкін] распрастаў шырокія багатырскія плечы. Гамолка. Тарас Іванавіч кінуў спяваць, заліўшыся багатырскім смехам. Колас.

•••

Багатырскі сон гл. сон.

багаце́й, ‑я, м.

Разм. Тое, што і багач (у 1 знач.). Вясковыя багацеі, калі ўбачылі, што памешчыцкія землі не трапяць ім у рукі, азвярэлі, хапіліся за колле, за зброю. Дуброўскі.