атруці́ць, ‑ручу, ‑руціш, ‑руціць; зак., каго-што.
1. Прымусіць памерці, даўшы атруты. [Стэфа:] — Шкада сабаку. А што з ім? [Гаспадыня:] — Атруцілі. І ведаю нават хто. Савіцкі. — Мама, мама! — пачаў Юрка. — Ты ведаеш, чаму наш Лёнька памёр? Гэта ж Хімка атруціла яго? Гроднеў. // Пашкодзіць, ужыўшы атрутнае рэчыва. Міхал памёр ад сухот, мусіць, бо на вайне атруцілі яму лёгкія ўдушлівым паветрам. Чорны.
2. Зрабіць шкодным што‑н., усыпаўшы атруты. Атруціць ваду.
3. перан. Зрабіць шкодны ўплыў на каго‑, што‑н. [Леанарда:] — Душу мне атруцілі багачы. Клімковіч.
4. перан. Пазбавіць радасці, зрабіць непрыемным. [Аўгіння:] — Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Колас. Ды хіба мог я меркаваць тады, што гэты рахманы Паўлюк атруціць маё жыццё. Быкаў.
атру́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад атруціць.
атру́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. атручваць — атруціць (у 1–3 знач.).
атру́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да атруціцца.
2. Зал. да атручваць.
атру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да атруціць.
атручэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. атруціцца.
атрыбу́т, ‑а, М ‑буце, м.
1. Неабходная, істотная, неад’емная ўласцівасць прадмета або з’явы, у адрозненне ад выпадковых, мінучых. Рух ёсць атрыбут матэрыі.
2. Пастаянная прыналежнасць, характэрная прыкмета. У кутку над тумбачкай прыцягвалі ўвагу размешчаныя ў строгім парадку сцяг, барабан і горн — слаўныя піянерскія атрыбуты. Краўчанка.
3. Тое, што і азначэнне (у 2 знач.).
[Ад лац. attributum.]
атрыбуты́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць атрыбутыўнага.
атрыбуты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Азначальны. Атрыбутыўная сувязь. Атрыбутыўныя адносіны.
атрыбу́цыя, ‑і, ж.
Спец. Вызначэнне аўтара мастацкага твора, часу і месца яго стварэння.
[Фр. attribution.]