Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

віхра́сты, ‑ая, ‑ае.

З віхрамі (пра валасы на галаве). Віхрасты чуб. □ Цяпер у гэтым сталым, шыракаплечым чалавеку.. ніхто не пазнаў бы ранейшага віхрастага хлапчука. Шахавец.

віхры́цца, ‑рыцца; незак.

Узнімацца, кружыцца віхрам. Віхрыцца пясок. □ Сняжынкі ляцелі, кружыліся перад машынай, віхрыліся збоку. Шамякін.

віхры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. што. Узнімаць, кружыць што‑н. віхрам. Вецер ганяў па асфальце паперкі і віхрыў пыл. Карпаў.

2. Віхрыцца. З начной цемры адна за другой выплывалі вадзяныя горы, на вершалінах якіх.. віхрыла пена. Самуйлёнак.

віху́ра, ‑ы, ж.

1. Разм. Бура, завея, завіруха. Не ціхне бура, стогне лес... На ўсе лады віхура свішча!.. Чарот. Дарожкі і сцежкі занесла віхура, Не знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар. Купала. / у перан. ужыв. Гэй, вольная песня, імкніся, ляці ты На крыллях маланак, віхураў агністых. Танк.

2. Паэт. Імклівы віхравы рух. Скрыпач закончыў «Крыжачка». І ў лагерным прылеску Шуміць віхура гапака, Гучыць «Малдаванэску». Калачынскі.

віху́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да віхуры; падобны на віхуру. Віхурны зімовы вечар. Віхурны век.

віху́рысты, ‑ая, ‑ае.

Падобны на віхуру; бурны, хуткі. У гэты момант праз расчыненую фортку акна мы пачулі дзікі галчын лямант, віхурысты пошум мноства крылаў у паветры. Паслядовіч.

віху́рыцца, ‑рыцца; незак.

Тое, што і віхрыцца.

віху́рыць, ‑рыць; незак.

Тое, што і віхрыць.

віці́на, ‑ы, ж.

1. Прут, дубец.

2. зб. Скручаная лаза, якой вяжуць плыты. Бярвенне, звязанае наспех віцінай, паціху ад моста адносіць рака. Машара.

3. Уст. Крытае судна для перавозкі збожжа па рацэ. Хадзіў на сплаў ён [Міхал], на віціны. Разоў са два схадзіў у Прусы — Куды не трапяць беларусы? Колас.

віцмундзі́р, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — форменны сурдут чыноўнікаў.