Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фарбава́рны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Звязаны з прыгатаваннем фарбы для афарбоўкі тканіны.

фарбава́рня, ‑і, ж.

У тэкстыльнай вытворчасці — памяшканне, дзе вараць фарбы.

фарбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрывацца або насычацца фарбай, падвяргацца ўздзеянню фарбы. // Прымаць які‑н. колер, адценне. Сапраўды, трохі прадзімала: праз шчыліны веяў вільготны, дрыготкі павёў. Свет штохвілінна фарбаваўся ў сіняе і чорнае, палосамі. Караткевіч.

2. Разм. Падмалёўваць губы, твар, валасы.

3. Зал. да фарбаваць (у 1 знач.).

фарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.

1. Пакрываць, насычаць фарбай, падвяргаць афарбоўцы. Фарбаваць падлогу. Фарбаваць тканіны. □ Дзяўчаты ў камбінезонах і ў спяцоўках паспешліва і любоўна фарбавалі асвятляльныя мачты. Карпаў. [Хлопчык:] — Глянь, хто гэта туды [на дах] узлез? Што ён робіць? [Маці:] — Маляр. Дах фарбуе, каб не цёк. Гарбук. // Надаваць колер, афарбоўку. Фарбуе сонца ліст асіны, а ў сэрцы радасць і вясна. Дзень добры, родная краіна! Дзень добры, Беларусь мая! Машара. Чырвоная прозалаць захаду фарбавала не толькі край неба, але і ўсё наваколле ў мяккі ружовы колер прадвесня. Сабаленка.

2. Разм. Пэцкаць (пра нетрывала, недабраякасна афарбаваныя рэчы).

3. Падмалёўваць сабе вусны, бровы і пад. Тамара не разумее: навошта фарбаваць вусны? Ермаловіч. // Перафарбоўваць у іншы колер. Фарбаваць валасы.

фа́рбавы, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да фарбы (у 1 знач.). Фарбавае спалучэнне.

2. Які вырабляе фарбы. Фарбавая прамысловасць.

фарбапу́льт, ‑а, М ‑льце, м.

Спец. Пнеўматычны апарат для распылення сціснутым паветрам фарбавальных саставаў пры малярных работах.

фарбацёр, ‑а, м.

1. Рабочы, які расцірае фарбу.

2. Таўкачык, якім расціраюць фарбу.

фарбацёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Машына, дошка або пасудзіна для расцірання фарбы.

фарбацёрны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для расцірання фарбы. Фарбацёрная машына.

фарбо́ўнік, ‑у, м.

Меданосная расліна сямейства крыжакветных, з лісця якой здабываюць фарбу.