віхля́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. віхляць, віхляцца.
віхляну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Аднакр. да віхляцца. Разы два [«Пабеда»] віхлянулася ў глыбокіх слізкіх каляінах і перад самым мастком стала. Быкаў.
віхляну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да віхляць.
віхля́сты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які хістаецца з боку ў бок (пра чалавека і яго рухі). Ён [сведка] сапраўды ішоў нейкай няўпэўненай віхлястай паходкай і нібы прынюхваўся да таго, што адбывалася ў зале. Лынькоў.
2. Звілісты, пакручасты. Віхлястыя сцежкі. □ Паглыбляліся, выпростваліся віхлястыя і ленаватыя рачулкі. Лынькоў.
віхля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
Разм. Рухацца, хістаючыся з боку ў бок. Віхляцца пад цяжарам ношы. □ На тым, лугавым, беразе гарэў касцёр, і каля яго віхляліся фантастычныя постаці. Шамякін.
віхля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Разм.
1. Рухацца няроўна, хістаючыся з боку ў бок. Задняе кола віхляла, церла загваздку, чаплялася вобадам за драбіны. Масарэнка.
2. Ісці, робячы частыя павароты. [Мікітка] замкнуў хату на замок, падвязаў лыжы і неўзабаве ўжо віхляў між камлёў дрэў. Сачанка. // Віцца (пра дарогу, рэчку і пад.). Адразу ж за вёскай пачыналася лагчына, па якой віхляла рэчка. Новікаў.
3. перан. Ухіляцца ад прамога адказу; віляць. Раман, згубіўшы надзею на тое, што старая прагаворыцца, пачынае хітрыць, віхляць языком. Кавалёў.
віхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Зрабіць раптоўны рэзкі рух убок. Кіўнула [Тося] галавой, — аж віхнулася бялявая каса, скручаная ў вянок. Савіцкі.
віхо́р 1 і ві́хар, ві́хру, м.
1. Імклівая кругавая плынь ветру. Наляцеў і закружыўся па шляху, уздымаючы пясок, моцны вецер-віхор. Галавач. Па галаве і па барадзе [Трахіма] нібы віхор прагуляўся. Крапіва. Як віхар, як куля, імчыцца каршун. Купала. // Узняты ветрам закручаны слуп пылу, снегу і пад. Раптам усхадзіўся вецер, узняў на дарозе віхор пылу. С. Александровіч.
2. перан.; чаго. Пра імклівае, бурнае праяўленне чаго‑н. Віхор падзей. □ З-за вялікіх вокан белага мураванага дома нечакана рвануўся віхор зыкаў скрыпкі і фартэпіяна. Чорны.
3. у знач. прысл. ві́храм. Хутка, імкліва. Імчацца віхрам. □ Машына віхрам уляцела па калгасны двор і спынілася, як укопаная. Шахавец.
віхо́р 2, ‑хра́, м.
Узнятая ўверх пасма валасоў. — Мне падабаюцца твае валасы, асабліва вось гэты непаслухмяны віхор. Сабаленка.
віхрава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З віхрамі. Віхраватая галава.
віхравы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае дачыненне да віхру 1. Віхравы вецер. Віхравы рух.