Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

буржуа́, нескл., м.

Прадстаўнік класа буржуазіі. Ліберальныя буржуа зусім не мелі на ўвазе выступаць супраць самадзяржаўя. «Полымя».

[Фр. bourgeois.]

буржуазі́я, ‑і, ж.

1. Пануючы клас капіталістычнага грамадства, які з’яўляецца ўласнікам прылад і сродкаў вытворчасці і жыве капіталістычным даходам, атрымліваючы прыбавачную вартасць эксплуатацыяй наёмнай працы. З усіх класаў, якія процістаяць цяпер буржуазіі, толькі пралетарыят прадстаўляе сабой сапраўды рэвалюцыйны клас. Маркс і Энгельс.

2. У феадальным грамадстве — саслоўе гараджан.

•••

Дробная буржуазія — дробныя ўласнікі, якія валодаюць сродкамі вытворчасці і карыстаюцца наёмнай працай у нязначнай ступені або зусім не карыстаюцца ёю.

[Фр. bourgeoisie.]

буржуа́зна-дэмакраты́чны, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы буржуазнай дэмакратыі.

буржуа́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да буржуазіі; уласцівы буржуазіі. Буржуазная ідэалогія. Буржуазная мараль. Буржуазны нацыяналізм. Буржуазны быт. Буржуазная прэса. Буржуазная культура.

2. Які характарызуецца панаваннем буржуазіі, які робіцца ў інтарэсах буржуазіі. Буржуазная рэвалюцыя. Буржуазная рэспубліка, краіна. Буржуазны ўрад. Буржуазнае грамадства. Буржуазная дэмакратыя. Буржуазны лад.

буржу́й, ‑я, м.

Разм. Пагардлівая назва буржуа. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Лынькоў. Помніць Харкаў і Чугуеў, Як рабочыя ў той час Ад германскага буржуя Баранілі свой Данбас. Глебка.

буржу́йка, ‑і, ДМ ‑жуйцы; Р мн. ‑жуек; ж.

Разм.

1. Жан. да буржуй.

2. Невялікая чыгунная печка. Прыйшоў [Габрусь] у будку, падкінуў паленца-другое ў «буржуйку». Шынклер. Партызанскія майстры зашклілі вокны, нарабілі табурэтак, столікаў, паставілі буржуйку, навазілі дроў, падвесілі да столі лямпы — і школа была гатова. Няхай.

буржу́йскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да буржуя. У Садовіча настольнікаў не было — ён лічыў іх непатрэбнаю буржуйскаю раскошаю. Колас.

бу́рка 1, ‑і. ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Шырокая і доўгая адзежына з даматканага сукна з башлыком, якая надзяваецца паверх кажуха. Потым.. [Ліза] чула, як увайшоў у хату дзед, скінуў бурку і пачаў тупаць па кухні цяжкімі ботамі. С. Александровіч.

2. Род плашча або накідкі з тонкага лямцу, якой карыстаюцца коннікі на Каўказе. Гэта былі вельмі маляўнічыя коннікі ў круглых кубанках з чырвоным верхам і, нягледзячы на спякоту, у чорных шыракаплечых і шыракаполых бурках, на добрых сытых конях, падабраных адзін у адзін па масці. Машара.

бу́рка 2,

гл. буркі.

буркава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. буркаваць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

буркава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Утвараць характэрныя для галубоў гукі. Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы. Шамякін. // перан. Жарт. Лагодна і пяшчотна размаўляць. З усімі.. [Ліза] гаварыла ласкава і мякка. Ну проста не гаварыла, а мурлыкала, як каток, ці буркавала, як галубка. Арабей. Сядзела на лаўцы Пад фрэнчам хлапечым І ўсё буркавала Каханку аб нечым. Гілевіч.