бура́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да буракоў. Бурачны ліст. Бурачныя цыбуры. // Прыгатаваны з буракоў, з буракамі. Бурачны квас.
2. Лілова-чырвоны, колеру чырвоных буракоў, бурачковы. Промень на захадзе з чырвона-палаючага рабіўся бурачным. Гартны.
бурачо́к, ‑чка і ‑чку, м.
1. ‑чка. Памянш. да бурак.
2. ‑чку. Травяністая расліна сямейства крыжакветных.
бура́чышча, ‑а, м.
Поле, на якім раслі буракі.
бу́рбалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Паветраны шарык у вадзе або іншай вадкасці. Дарожка, буйных светлых бурбалак, якая з’явілася на паверхні, сведчыла, што на гэты раз бабёр паплыў пад вадой на сярэдзіну ракі. В. Вольскі. Буйны, як боб, град назойліва барабаніў па аканіцах, падымаў бурбалкі ў перапоўненым вадою раўчуку, што перасякаў двор. Бажко.
бурбо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
Разм. Узнімаць, пускаць бурбалкі; булькаць. Шаройка ўскочыў у пакой з вялікай патэльняй у руках, на якой злосна сіпела і бурболіла яешня. Шамякін.
бургамі́старскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бургамістра. Бургамістарская пасада.
бургамі́стр, ‑а, м.
Начальнік гарадской управы ў некаторых краінах Еўропы і ў 18–19 ст. у Расіі.
[Ням. Bürgermeister.]
бурда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Разм. пагард. Дрэнна прыгатаванае, нясмачнае пітво або рэдкая (вадкая) ежа; баланда. Калі ўсе з Шуравага вагона атрымалі па порцыі бурды, немец зазірнуў у вагон, ці ўсе выйшлі. Ставер.
бурдзю́к, ‑а, м.
Мяшок са скуры жывёлы для захоўвання і перавозкі віна і іншых вадкасцей. [Зульфія:] — Яму [Мухтэру] дужа некалі. Ён шые новы бурдзюк. Васілёнак.
[Цюрк.]
бурдзю́чны, ‑ая, ‑ае.
Які захоўваецца ў бурдзюку. Бурдзючнае віно.