ме́рці, мру, мрэш, мрэ; незак.
Разм. Гінуць, паміраць. Высахла папараць, паўставала з зямлі, прычасалася; цяпер яна зусім маладая, бы і не мерла, а толькі змяніла свой колер на зіму. Пташнікаў.
мерыдыя́н, ‑а, м.
У геаграфіі — уяўная лінія, якая, праходзячы па паверхні Зямлі, злучае абодва полюсы і перасякае экватар пад прамым вуглом.
•••
Магнітны мерыдыян — вертыкальная плоскасць, якая праходзіць праз магнітную вось стрэлкі ў дадзеным месцы зямной прасторы.
Нябесны мерыдыян — вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз полюсы свету і зеніт, адкуль вядзецца назіранне.
[Ад лац. meridianus — паўдзённы.]
мерыдыяна́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мерыдыяна. // Які ідзе ў напрамку мерыдыяна, па мерыдыяну. Мерыдыянальная лінія.
[Лац. meridionalis.]
мерыдыя́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мерыдыяна. Мерыдыянная плоскасць.
мерыно́с, ‑а, м.
Парода танкарунных авечак, а таксама авечка гэтай пароды.
[Ісп. merinos.]
мерыно́савы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мерыноса. Мерыносавая воўка. // Зроблены з воўны мерыноса. Мерыносавая тканіна.
ме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Збірацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне; намервацца. Як толькі я мерыўся ісці, Усцім заступаў мне дарогу, затрымліваў, пытаючыся пра розныя рэчы. Сабаленка. Ліс поўз на жываце, выцягнуўшы галаву, нібы мерыўся раптоўна скочыць на свайго праціўніка. Ваданосаў. // Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, пасаду; меціць. — Вось твой Васіль дык маладзец, — І ў далоні пляснула, — Ён, кажуць, мерыцца ў зяці Да старшыні, да Яснага? Ставер. Падмятальнік стаяў у натоўпе ля хлопца, што мерыўся быць за старшыню сходу. Чорны.
мерэ́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.
Пірожнае з запечаных узбітых яечных бялкоў і смятанкі з цукрам.
[Фр. meringue.]
ме́са, ‑ы, ж.
1. Тое, што і імша. Біскуп сам служыць прыехаў месу. Танк.
2. Музычны харавы твор на тэкст каталіцкага набажэнства, звычайна ў суправаджэнні арганаў ці аркестра. Меса Ліста.
[Фр. messe.]