верхагля́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Жан. да верхагляд.
верхагля́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Займацца, цікавіцца чым‑н. павярхоўна, неглыбока.
верхагля́дства, ‑а, н.
Разм. Павярхоўныя, няўважлівыя адносіны да чаго‑н.; неглыбокае знаёмства з чым‑н. Больш за ўсё на свеце.. [Арлоўскі] ненавідзеў верхаглядства, пустую балбатню. Паслядовіч.
верхала́з, ‑а, м.
1. Рабочы, спецыяліст па выкананню работ на вялікай вышыні. [Сусед:] — Пачынаў юнак у тэлеграфнай калоне, верхалазам па слупах. Шынклер.
2. Разм. Гарэза, свавольнік. Сабраўшы каманду такіх, як і ён сам, верхалазаў, Генька Собаль.. пераказваў змест кнігі. Паслядовіч.
ве́рхам, прысл.
1. Седзячы на кані, спусціўшы ногі па абодва бакі яго; седзячы на кім‑, чым‑н., як на кані. [Ладынін:] — Хочацца прабегчы па разоры паміж жытам, праехаць верхам на кані... Шамякін. Па аслах, мулах і вярблюдах мараканскія сяляне ездзяць верхам і перавозяць грузы. В. Вольскі.
2. Зверху, па версе. Агонь імкліва пашырыўся і ўзляцеў на верхавіны ялін і соснаў — і пайшоў шумець нізам і верхам. Шчарбатаў.
•••
Верхам сесці на каго гл. сесці.
верхату́ра, ‑ы, ж.
Разм. жарт. Верхняя частка якога‑н. збудавання, памяшкання; верхні, апошні паверх. Жыць на верхатуры. □ Бязногі Піліп, узлезшы сваім адумам на верхатуру царквы, гасіў ва ўсе званы. Лобан.
верхаўё, ‑я, н., зб.
Разм. Верхняя частка спілаванага і ачышчанага ад галля дрэва. [Буднік:] — Дзялянка вялікая, хаця б да вясны ўправіліся паваліць. А падборка верхаўя, сучча, ламачча мала зойме? Ермаловіч.
верхне... (а таксама верхня...).
Першая састаўная частка складаных слоў са значэннем: які размяшчаецца або ўзнікае ў верхняй частцы чаго‑н., напрыклад: верхнедняпроўскі, верхнезубны, верхняволжскі.
ве́рхні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца зверху, размешчаны на версе. Верхні слой. Верхні камень (у млыне). Верхняя губа. □ Дзед з Міколкам падаліся на гару, на верхнюю палубу. Лынькоў.
2. Які надзяваецца зверху на што‑н. Верхняя кашуля. Верхняе адзенне. □ Люба скінула верхнюю вопратку і сця[гну]ла з пляча кашулю. Чорны. // Прызначаны для нашэння зверху. Верхні трыкатаж.
3. Блізкі да вытокаў. Раскаты гарматных стрэлаў.. даляталі сюды аднекуль злева, з верхняга цячэння ракі. Лынькоў.
4. Аб гуках, нотах: высокі. Верхні рэгістр.
5. Вышэйшы пункт вагання чаго‑н. Верхні ціск крыві. Гук верхняга пад’ёму.
верхня... (гл. верхне...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «верхне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: верхнялужыцкі.