Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пісьмёны, ‑аў; адз. няма.

1. Пісьмовыя знакі, літары, пераважна старажытныя.

2. Уст. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісьма; тое, што напісана з дапамогай гэтых знакаў. Літаратурная мова ўкраінскіх і беларускіх пісьмёнаў перыяду [XIV–XVIII стст.] была настолькі блізкай, што часта вельмі цяжка вызначыць розніцу паміж імі. «Полымя».

пісьмо́, ‑а; мн. пісьмы, пісьмаў і пісем; н.

1. Папера з напісаным тэкстам, якая пасылаецца каму‑н., каб паведаміць аб чым‑н.; ліст. — Сынок, ад каго гэта табе пісьмо? — спытала маці, уваходзячы ў пакой і паказваючы Мішу ружовы вузенькі канверт. Арабей. // Сам гэты тэкст. У .. [Сцяпана] раптам з’явілася жаданне напісаць аб падзеях гэтага дня Людміле, і ён пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо. Шамякін. // Від паштовага адпраўлення. Цэннае пісьмо. Заказное пісьмо.

2. толькі адз. Уменне пісаць, а таксама само пісанне. — Ды ты, брат, малайчына! — пасля некалькіх пытанняў сказаў настаўнік. — Ну, а з пісьмом як твая справа? Колас.

3. толькі адз. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Арабскае пісьмо. Славянскае пісьмо. // Почырк, знешні выгляд напісанага. [Карызна] падумаў адразу, што ад дачкі, але ўбачыў на канверце зусім незнаёмае непрыветна крывое пісьмо. Зарэцкі.

4. толькі адз. Стыль, манера мастацкага адлюстравання. Зразумела, што тут [у вершы] няма стрыманасці і строгасці рэалістычнага пісьма, але ёсць досыць канкрэтная прадметная фактура, ёсць паэзія. Бугаёў.

•••

Адкрытае пісьмо — а) незапячатаная паштовая картка, на адным баку якой пішацца адрас, а на другім — пісьмо; б) пісьмо да каго‑н., якое друкуецца ў газеце, часопісе.

Вузлавое пісьмо — пэўная сістэма шнуроў з вузламі для ліку, уліку і пад. у некаторых народаў, якія не маюць пісьменнасці.

Даплатное пісьмо — пісьмо, за дасылку якога бярэцца плата з адрасата.

Закрытае пісьмо — пісьмо, якое пасылаецца ў канверце.

Іератычнае пісьмо (спец.) — скорапіс старажытных егіпцян, які развіўся з іерагліфічнага пісьма.

Складовае пісьмо — сістэма пісьма, знакі якога перадаюць склады, а не асобныя гукі.

Сошнае пісьмо — у Расіі 15–17 стст. — межавыя кнігі, у якіх давалася апісанне земляў для пазямельнага абкладання, што выяўлялася ва ўмоўнай адзінцы — сасе.

пісьмо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пісьма (у 2 знач.).

2. Адлюстраваны пры дапамозе графічных знакаў; напісаны. Ніякага пісьмовага прадпісання, вядома, у мяне не было. Даніленка. [Лідзія Пятроўна] пасля праверкі пісьмовых прац паказала яго [Рыгоркі] сшытак усяму класу. Колас.

3. Які ўжываецца, служыць для пісання. І толькі шырокі стол з пісьмовымі прыладамі .. быў ярка асветлены сонцам. Лынькоў. Напаследак спынілася .. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны. Зарэцкі.

пісьмо́ўнік, ‑а, м.

Гіст.

1. Зборнік узораў пісьмаў рознага зместу.

2. У 18 ст. — кніга, даведнік для самаадукацыі па мове і літаратуры. Чалавечак глядзеў на яго [Алеся] звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі «Северной пчелы». Караткевіч.

піся́г, ‑а, м. і піся́га, ‑і, ДМ ‑сязе, ж.

Тое, што і пісага. Белы пісяг ад колішняй раны цераз усю шчаку Крыварота здаўся Антону зусім звычайным. Ермаловіч. Спіна ў Івана паліла агнём, на кашулі цямнеўся руды пісяг, але Іван быў рады сваёй перамозе. Кудравец. Толькі на шчацэ гарэла пісяга, нібыта Раман прыйшоў у хату з марозу. Пташнікаў.

пісямко́, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да пісьмо (у 1 знач.). — Напішы мне, калі ласка, Пісямко дахаты! Колас.

пісямцо́, ‑а, н.

Тое, што і пісямко.

пітво́, ‑а, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. піць.

2. Тое, што п’юць, напітак. Перад .. [людзьмі] стаялі розныя стравы і пітво. Маўр. Потым усе замітусіліся. Вынеслі на двор пад распукнутую яблыню стол, разаслалі на ім белы ў складках абрус і, увіхаючыся адна перад адной, пачалі расстаўляць пітво і закуску. Ракітны.

піткі́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Які добра, прыемна піць.

пітны́ 1, ‑ая, ‑ое.

Прыгодны для піцця. Пітная вада.

•••

Пітная сода гл. сода.