пісьмо, ‑а; мн. пісьмы, пісьмаў і пісем; н.
1. Папера з напісаным тэкстам, якая пасылаецца каму‑н., каб паведаміць аб чым‑н.; ліст. — Сынок, ад каго гэта табе пісьмо? — спытала маці, уваходзячы ў пакой і паказваючы Мішу ружовы вузенькі канверт. Арабей. // Сам гэты тэкст. У .. [Сцяпана] раптам з’явілася жаданне напісаць аб падзеях гэтага дня Людміле, і ён пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо. Шамякін. // Від паштовага адпраўлення. Цэннае пісьмо. Заказное пісьмо.
2. толькі адз. Уменне пісаць, а таксама само пісанне. — Ды ты, брат, малайчына! — пасля некалькіх пытанняў сказаў настаўнік. — Ну, а з пісьмом як твая справа? Колас.
3. толькі адз. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Арабскае пісьмо. Славянскае пісьмо. // Почырк, знешні выгляд напісанага. [Карызна] падумаў адразу, што ад дачкі, але ўбачыў на канверце зусім незнаёмае непрыветна крывое пісьмо. Зарэцкі.
4. толькі адз. Стыль, манера мастацкага адлюстравання. Зразумела, што тут [у вершы] няма стрыманасці і строгасці рэалістычнага пісьма, але ёсць досыць канкрэтная прадметная фактура, ёсць паэзія. Бугаёў.
•••
Адкрытае пісьмо — а) незапячатаная паштовая картка, на адным баку якой пішацца адрас, а на другім — пісьмо; б) пісьмо да каго‑н., якое друкуецца ў газеце, часопісе.
Вузлавое пісьмо — пэўная сістэма шнуроў з вузламі для ліку, уліку і пад. у некаторых народаў, якія не маюць пісьменнасці.
Даплатное пісьмо — пісьмо, за дасылку якога бярэцца плата з адрасата.
Закрытае пісьмо — пісьмо, якое пасылаецца ў канверце.
Іератычнае пісьмо (спец.) — скорапіс старажытных егіпцян, які развіўся з іерагліфічнага пісьма.
Складовае пісьмо — сістэма пісьма, знакі якога перадаюць склады, а не асобныя гукі.
Сошнае пісьмо — у Расіі 15–17 стст. — межавыя кнігі, у якіх давалася апісанне земляў для пазямельнага абкладання, што выяўлялася ва ўмоўнай адзінцы — сасе.