ве́рнуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад вярнуць.
ве́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які заслугоўвае поўнага даверу, непахісны ў сваіх поглядах, пачуццях, адданы. Верны сябар. Верны свайму абавязку. Верны ў каханні. □ З дарогі шчасця мой народ не зверне, Ён верны сын савецкае сям’і. Панчанка. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Ноч — сяброўка партызан, Друг іх верны — лес густы. Крапіва. Азірнуліся сябры: Следам крадуцца звяры, Слугі верныя зубровы, Усе чыны яго аховы. Вітка.
2. Вельмі надзейны. Верны сродак. Верная прыкмета. □ Каб добры лёс убачыць свой, Я верны спосаб знаю, — Расою першай лугавой Я вочы абмываю. Вітка.
3. Які адпавядае рэчаіснасці; правільны, дакладны. Верны вобраз. Верны шлях. □ Накіраваў наш райком Мяне на верную дарогу. Таўбін. Цімошка то чуў, што ўжо напалі на верны троп, то пераконваўся, што ніхто не ведае, як згарэў стог. Колас.
4. Трапны, дакладны, беспамылковы. Вернае вока. Верны вывад.
5. Непазбежны, немінучы. Камандзір і камісар брыгады разумелі, што ісці на прарыў, не разведаўшы абставін і сілы ворага, без падтрымкі, значыцца весці на верную смерць паўтары тысячы чалавек. Шамякін.
версіфіка́тар, ‑а, м.
Уст. Паэт, які добра валодае тэхнікай вершаскладання. // Іран. Той, хто піша беззмястоўныя ці бяздарныя вершы.
версіфіка́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да версіфікатара.
версіфіка́цыя, ‑і, ж.
Складанне, пісанне вершаў.
[Лац. versificatio.]
ве́рсія, ‑і, ж.
Адзін з варыянтаў тлумачэння якіх‑н. падзей, фактаў. Новая версія. □ Паданне пра Машэку нясе ў сабе і адну з народных версій пра заснаванне і назву горада Магілёва. Шынклер.
[Фр. version.]
верставы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да вярсты. Верставы слуп.
вертадро́м, ‑а, м.
Пляцоўка для ўзлёту і пасадкі верталётаў.
верталёт, ‑а, М ‑лёце, м.
Лятальны апарат, прыстасаваны для вертыкальнага ўзлёту і пасадкі.
верталётчык, ‑а, м.
Разм. Вадзіцель верталёта.