пісьмаво́дства, ‑а, н.
Гіст. Вядзенне карэспандэнцыі, справаводства.
пісьмано́сец, ‑носца, м.
Паштальён. У гэты час зайшоў калгасны пісьманосец, ён прынёс паведамленне ад генерал-маёра Крывашэйна, што Ігнась Налівайка жывы. Гурскі.
пісьмано́ска, ‑і, ДМ ‑носцы; Р мн. ‑носак; ж.
Разм. Жан. да пісьманосец.
пі́сьменнасць, ‑і, ж.
1. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Літоўцы ў той час яшчэ не мелі ўласнай пісьменнасці, і таму для патрэб дзяржаўных зносін выкарыстана была беларуская мова. Жураўскі.
2. Сукупнасць пісьмовых помнікаў якой‑н. гістарычнай эпохі пэўнага народа.
пісьме́ннасць, ‑і, ж.
1. Уменне чытаць і пісаць. Аксён ужо нават можа і распісацца, што яго вельмі цешыць, але гэта яшчэ не сведчыць аб яго пісьменнасці. Колас. // перан. Наяўнасць ведаў у якой‑н. галіне. Перад выканаўцамі гэтага ансамбля паўсталі задачы вялізарнай складанасці: не толькі авалодаць музычнай пісьменнасцю мастацтва ансамблевай ігры, але і забяспечыць сябе літаратурай. «Беларусь».
2. Адсутнасць граматычных і стылістычных памылак. Пісьменнасць сачынення. // перан. Праяўленне майстэрства ў выкананні чаго‑н.; адпаведнасць чаго‑н. патрабаванням навукі. Пісьменнасць праекта.
пісьме́ннік, ‑а, м.
Той, хто піша літаратурныя творы; той, для каго літаратурная дзейнасць з’яўляецца прафесіяй. Максім Адамавіч Багдановіч належыць да ліку выдатнейшых беларускіх пісьменнікаў — класікаў пачатку 20 стагоддзя. «Беларусь».
пісьме́нніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пісьменніка, уласцівы пісьменніку. Пісьменніцкія нататкі. Пісьменніцкі талент.
пісьме́нніцтва, ‑а, н.
Разм. Дзейнасць, занятак пісьменніка.
пісьме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўмее чытаць і пісаць; граматны. [Ян:] — Чытайце, хто пісьменны, кніжкі, як стваралася наша зямля. Пестрак. // Які ўмее граматычна правільна пісаць і гаварыць. Пісьменны вучань. // перан. Які мае неабходныя веды ў якой‑н. галіне. Пісьменны інжынер.
2. У якім няма граматычных і стылістычных памылак. Пісьменны дыктант. // перан. Выкананы адпаведна з асноўнымі патрабаваннямі. Пісьменны праект.
3. у знач. наз. пісьме́нны, ‑ага, м. Чалавек, які ўмее чытаць і пісаць. Пісьменнаму і кнігі ў рукі! Прыказка.
пісьме́нства, ‑а, н.
Уст. Тое, што і пісьменнасць. Старажытнае рускае пісьменства. □ Цераз пераклады ўваходзіць нацыянальнае пісьменства ў скарбніцу сусветнай літаратуры. У. Калеснік. Беларускія пісьменнікі ніколі не аддзялялі і не аддзяляюць гэтае імя [Сыракомлі] ад беларускага пісьменства. Мальдзіс.
•••
Прыгожае пісьменства — мастацкая літаратура, белетрыстыка. [Аленка], не хочучы адставаць ад Сцёпкі па часці прыгожага пісьменства, прымала ўдзел у насценгазеце. Колас.