фанаты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць фанатычнага. Фанатычнасць перакананняў.
фанаты́чны, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы фанатыку, прасякнуты фанатызмам. Алік зразумеў, што мастацтва, музыка, спорт — гэта не яго стыхія, бо там трэба фанатычная бязлітаснасць да сябе. Быкаў. Сягоння.. нас не можа не здзіўляць гэткая высокая і шматгранная таленавітасць Уладзіслава Галубка, гэткая фанатычная адданасць яго мастацтву тэатра, мастацтву глыбока народнаму. «Маладосць». // Які дзейнічае, думае, як фанатык. Па аскетычнай сухасці, што ішла ад .. вачэй [жанчыны], і па паводзінах я адразу разгадаў у ёй фанатычную каталічку. Карпюк.
фанатэ́ка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.
Сістэматызаваны збор фанаграм. Фанатэка пласцінак Шаляпіна. □ У бібліятэцы ствараецца фанатэка, у якой ужо цяпер налічваецца звыш 800 запісаў опернай, сімфанічнай і інш. музыкі. «ЛіМ».
[Ад грэч. phōnē — гук і thēkē — сховішча.]
фанатэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фанатэкі.
фанацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да фанацыі.
фана́цыя, ‑і, ж.
Спец. Гучанне голасу і гукаў мовы.
[Фр. phonation.]
фанг, ‑у, м.
Трыкатажны матэрыял з аднолькавым правым і споднім бакамі, які звычайна ідзе на выраб цёплых спартыўных касцюмаў.
фа́нгавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фангу; зроблены з фангу. Фангавы тавар. // Звязаны з вырабам фангу. Фангавыя машыны.
[Ад ням. fangen — лавіць (пятлю).]
фандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што.
Ствараць фонды (у 1 знач.). Фандаваць тавары.
фанда́нга, нескл., н.
Іспанскі народны танец, які выконваецца ў суправаджэнні гітары і кастаньет.
[Ісп. fandango.]