пістано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.
Разм. Пістоннае ружжо. [Якаў] зняў з плячэй пістаноўку ды ў сенцах на цвіку павесіў. Лобан.
пісто́ль 1, ‑я, м.
Залатая старадаўняя манета ў Іспаніі.
[Фр. pistole.]
пісто́ль 2, ‑я, м. і пісто́ля, ‑і, ж.
Уст. Пісталет.
[Фр. pistole.]
пісто́ль 2, ‑я, м. і пісто́ля, ‑і, ж.
Уст. Пісталет.
[Фр. pistole.]
пісто́н, ‑а, м.
1. Невялікі металічны каўпачок у ружэйных патронах або снарадах з выбуховым рэчывам, якое ўзрываецца ад удару. Развязаўшы дрот і дастаўшы капшук з порахам і пістонамі, дзед з Міколкам рушылі ў паход. Лынькоў. // Склееныя па краях два невялікія кружочкі паперы з порахам унутры для цацачных ружжаў і пісталетаў. Агульнымі сродкамі мы здабывалі порах, папяровыя пістоны. Бядуля.
2. Круглая металічная аправа, механічна прымацаваная да дзірачак у скуры, картоне і пад., якія зроблены для зацягвання шнуркоў. На левай назе парваны шнурок: ён звязаны, і яго вузел тырчыць паміж пістонаў вялікаю бародаўкаю. Баранавых.
3. Спец. Клапан у музычным медным духавым інструменце.
[Фр. piston.]
пісто́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пістона. // Які страляе пры дапамозе пістона. Пістоннае ружжо.
пісуа́р, ‑а, м.
Спецыяльная ракавіна са сцёкам для мачы ў мужчынскай прыбіральні.
[Фр. pissoir.]
пісу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Разм. Маленькае пісьмо, запіска. — Уся гэта мая бяда, як ты кажаш, змешчана вось у гэтай невялічкай пісульцы, — Лабановіч паказаў паперку ад дырэкцыі народных школ. Колас. Не раз Міхалка слаў пісулькі да свайго сябрука Андрэя. Ядвігін Ш.
пісцо́вы, ‑ая, ‑ае.
Гіст. У якім былі перапісаны розныя аб’екты для абкладання падаткамі [пра помнікі дзелавой пісьменнасці 15–17 стст.]. Пісцовыя кнігі.
пі́счы, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны, прыгодны для пісання. Пісчая папера.
пісьмаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Гіст. Служачы ў канцылярыі, справавод.