Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

во́ля, ‑і, ж.

1. Свядомае і мэтанакіраванае рэгуляванне чалавекам сваёй дзейнасці. Сіла волі. Цвёрдая воля. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной. Колас. Пад дажджом, на ветры і холадзе працавалі маладыя будаўнікі, гартуючы сваю волю і выпрабоўваючы вытрымку. Грахоўскі. // да чаго. Упартае імкненне дасягнуць чаго‑н. Воля да перамогі. □ Не зламала вайна ды і не магла зламаць волі савецкіх людзей да жыцця, іх веры ў будучыню. Краўчанка.

2. Жаданне, патрабаванне. Дыктаваць сваю волю. Апошняя воля. Не па сваёй волі. □ Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля. Колас.

3. Улада, права. Тут ужо ваша воля. □ [Юрка] перастаў адчуваць матчыну волю над сабою. Карпаў.

4. Свабода, незалежнасць; проціл. няволя. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь. Колас. Ідзі пад сцягам баявым За волю ў бой крывавы. Бялевіч.

5. Гіст. Вызваленне ад прыгоннай залежнасці. Купіць волю.

6. Магчымасць дзейнічаць самастойна.

7. Становішча, пры якім жыццё чалавека, жывёл, птушак не абмежавана ўмовамі зняволення. Выйсці на волю. Выпусціць жураўля на волю.

8. Прастор, прыволле, раздолле. Рэкі разбурылі прыстасаванні, якімі людзі запаланілі іх, і вырваліся на волю. Самуйлёнак. Такая шыр бязмежная,.. Што крок, то волі знак! Колас.

•••

Вольнаму воля гл. вольны.

Вольная воля — нічым неабмежаваная свабода.

Воля ваша — рабіце, як лічыце патрэбным.

Даць волю каму-чаму гл. даць.

Даць волю рукам гл. даць.

Жалезная воля — непахісная, нязломная воля.

Людзі добрай волі гл. людзі.

На волю лёсу — без падтрымкі, без дапамогі, без нагляду.

Па добрай волі, добрая воля — без прымусу, добраахвотна.

во́ляй-няво́ляй, прысл.

Незалежна ад жадання, паняволі.

во́мегам, прысл.

Абл. Кулём, стрымгалоў. Сабака то бегаў вакол [Леўкі і Усціма], то вомегам кідаўся пад ногі. Сабаленка.

•••

Вомегам вылезці (выйсці) гл. вылезці.

вон,

1. прысл. Прэч, на двор. Выгнаць з хаты вон.

2. выкл. Ужываецца ў значэнні загаду выйсці. Вон адсюль! — Вон, каб мае вочы вас не бачылі!.. Ракітны.

•••

Вон з вачэй — прэч.

Дух вон з каго гл. дух.

(Хоць) душа вон гл. душа.

З рук вон — а) дрэнны; вельмі дрэнны. Ледзь Морж прыпоўз назад і — плюх! — у мора. Адлежваўся, бядак, нямала дзён. Каханне атрымалася — з рук вон. Корбан; б) вельмі, надта. Абстаноўка, шчыра кажучы, з рук вон дрэнная. Дзенісевіч.

во́нкава, прысл.

Знешне, звонку; на выгляд. Раман Дзянісавіч маўчаў, твар яго здаваўся вонкава спакойным, .. і толькі, калі наліваў чай у сподак, шклянка дробна зазвінела. Хадкевіч.

во́нкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Знешні, знадворны. Вонкавы выгляд. Вонкавая паверхня. □ [Васіля і Галю] радніла не толькі вонкавае падабенства, але і характары. Няхай. Аглядчыкі пойдуць паўз вагоны; яны будуць аглядаць вонкавыя часткі, а ён.. павінен старанна агледзець тое, што схавана ад вока. Васілёнак.

2. перан. Паказны, напускны; не глыбокі, павярхоўны. Пафас гэтых.. вершаў вонкавы, імітацыйны, у ім няма глыбіні. Бярозкін.

во́нкі, прысл.

Разм. У знадворны, вонкавы бок; на паверхні, звонку. Маладосць яшчэ біла ў.. [Васіліне] крыніцай і вырывалася вонкі, звяртаючы на сябе ўвагу. Хадкевіч. А неўзабаве здарылася яшчэ горшае: ураз страцілі энергію батарэі ўсіх робатаў, якія знаходзіліся вонкі. Шыцік.

во́піс, ‑у, м.

1. Спіс рэчаў, папер і пад., складзены для ўліку. Інвентарны, архіўны вопіс. Вопіс спраў.

2. Дзеянне паводле дзеясл. апісваць — апісаць (у 3 знач.).

во́плескі, ‑аў; адз. няма.

Апладысменты ў знак прывітання, адабрэння, удзячнасці. Калі слова было дадзена Малашкіну, зала прывітала яго воплескамі. Пестрак. Прамова скончана. У зале Выбух воплескаў, як шквал. А. Александровіч.

во́прамеццю, прысл.

Разм. Імгненна, стрымгалоў. Праімчацца вопрамеццю. □ Раптам самалёт з непамернай вышыні вопрамеццю пачаў падаць на зямлю. Чарот. Вопрамеццю .. [Яўген] кінуўся на вуліцу, і яму стала страшна. Сабаленка.