вох, выкл.
1. Выказвае здзіўленне, гора, боль, жаль, сполах і інш. пачуцці. [Шэмет:] — Пара цяпер якраз такая... Адышоўшы кіламетраў са два ад горада ўверх — вох і рыбы. Лобан. [Марка Парэмская:] — Даўненька ляжыць [Павел] за далёкім Дунаем... Вох, чаго ён не нарабіў, гітлеруга пракляты!.. Ракітны.
2. у знач. наз. во́хі, ‑аў. Вохканне, нараканне. Таму зразумелы тыя вохі і ахі, якія апанавалі дзеда, калі ён не далічыўся краса[ла]. Лынькоў.
во́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і вохкаць.
во́хканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вохкаць.
во́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Усклікваць «вох», глыбока ўздыхаць, выказваючы пачуццё прыкрасці, непрыемнасці, жалю, болю і пад. Халуста пачаў бегаць па млыне, хапацца рукамі за галаву, вохкаць, айкаць, стагнаць, стукаць кулакамі ў грудзі. Чарнышэвіч. // Адзывацца гукамі, падобнымі на вохканне. Дзесь далёка-далёка вохкала зямля. Колас. Усю зіму вохкаў лес. Кіпела ў ім жыццё. Бядуля.
во́хкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і волкі. Вохкія сцежкі. Вохкая коўдра.
во́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да вохкаць.
во́хра, ‑ы, ж.
Прыродная мінеральная фарба жоўтага або чырвонага колеру. Футра ў ката было вельмі прыгожае. Дымчата-рыжае, трохі ў бруднаватую вохру. Караткевіч.
[Грэч. ōchros — бледна-жоўты.]
во́хравы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтрымлівае ў сабе вохру.
2. Жаўтавата-чырвоны, колеру вохры.
во́хрысты, ‑ая, ‑ае.
З прымессю вохры. Вохрыстая гліна. // Колеру вохры; жоўтага або чырвона-карычневага адцення.
во́хрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Фарбаваць, накрываць вохрай.