Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

во́бад, ‑а, М ‑дзе; мн. абады, ‑оў; м.

1. Вонкавая частка кола, на якую нацягваецца шына. Ахметка прыцягнуў вобад ад веласіпеднага кола і маленькі барабан з бразготкамі. Даніленка.

2. Частка некаторых прадметаў у выглядзе кольца, авала. Вобад блока. Вобад тэніснай ракеткі.

во́бзем, прысл.

Разм. Тое, што і вобземлю. Каваль бразнуў ключ вобзем і, як вар’ят, выскачыў з канторы. Чорны. [Вейс:] А на стрэлках я-ак матанула нас, дык механік мой з услончыка бррык вобзем і ляжыць. Шынклер.

во́бземлю, прысл.

Разм. Аб зямлю, на зямлю. Мартыневіч пабялеў, ступіў два крокі назад, зачапіўся нагой за нагу і грымнуўся вобземлю. Чарнышэвіч. Адась са злосцю кінуў вобземлю сякеру, што тая аж зазвінела,.. і сеў, задумаўшыся, на ганку. Гурскі.

во́бла, ‑ы, ж.

Марская прамысловая рыба сямейства карпавых. Вэнджаная вобла.

во́блака, ‑а; мн. воблакі і аблокі, ‑аў; н.

1. Вялікая маса згусцелай вадзяной пары ў атмасферы. Кучавыя воблакі. □ У разрыве шэра-цёмных воблакаў мільгнуў серабрысты кружок месяца. Навуменка. Ляціце, арлы-сокалы, За сінія аблокі, Нясіце словы Леніна Да ясных зор высокіх. Русак.

2. чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і інш.) у паветры. Воблака пылу. □ Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў.

во́бласць, ‑і, ж.

1. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Брэсцкая вобласць. Аўтаномная вобласць. // Разм. Адміністрацыйны цэнтр такой адзінкі. [Антось:] — Лектар, кажуць, аж з вобласці прыехаў. Васілевіч.

2. Частка якой‑н. тэрыторыі; край. Вобласць экватара.

3. Раён пашырэння чаго‑н. або якой‑н. з’явы; зона. Вобласць распаўсюджання хвойных народ дрэў. Вобласць вечнай мерзлаты.

4. Месца, якое займае той ці іншы орган цела або частка яго. Вобласць шыі. Вобласць сэрца.

во́блачка, ‑а, н.

1. Памянш.-ласк. да воблака; невялікае воблака. Дзе-нідзе плывуць, нібы рассыпаныя кудзелі воўны, воблачкі. Бядуля. Над каўшом выбухнула лёгкае воблачка дыму. Карпаў.

2. перан. Лёгкі цень праяўлення настрою, думкі, стану і пад. На твары непрыкметна ні хмурынкі, ні воблачка думак. Мурашка.

во́блачнасць, ‑і, ж.

Скапленне воблакаў; хмарнасць. Нізкая воблачнасць. Густая воблачнасць. Суцэльная воблачнасць.

во́блачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да воблака, воблакаў; пакрыты воблакамі, хмарны. Воблачнае неба. Воблачная ноч.

во́блік, ‑у, м.

Тое, што і аблічча. Воблік горада. Маральны воблік савецкага чалавека. □ Федароўскі стараўся ахапіць самыя разнастайныя праявы народнага жыцця, яго быту і духоўнай творчасці, каб перад чытачом паўстаў яскравы воблік пэўнага рэгіёна ва ўсёй яго самабытнасці. Саламевіч.