Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

воз, ‑а; мн. вазы, ‑оў; м.

1. Сродак гужавога транспарту, прызначаны для язды і перавозкі грузаў; калёсы. Усе сваякі папрыязджалі І двор вазамі паўстаўлялі. Колас. Сасёнка была парэзана на доўгія кавалкі, і сябры пачалі класці іх на воз. Пестрак.

2. Нагружаныя паклажай калёсы, сані і пад. Сытыя коні, аблітыя зарой, вязуць высокія вазы пшаніцы. Мікуліч. Злез бацька з сена, ідзе збоку, за возам наглядае, каб не абярнуўся. Якімовіч.

3. чаго. Колькасць таго, што можа змясціцца на калёсах, санях і пад. Воз дроў, сена.

4. перан. Разм. Вялікая колькасць чаго‑н. Воз навін. □ Дзетак у.. [Парэмчыка] цэлы воз, хоць і сам яшчэ малады. Ракітны.

5. Карцёжная гульня.

•••

Вазамі вазіць гл. вазіць.

Пятае кола ў возе гл. кола.

Цягнуць воз гл. цягнуць.

во́зера, ‑а; мн. азёры, азёр; н.

Запоўненае вадой прыроднае паглыбленне сушы, замкнутае ў сваіх берагах. Возера Нарач. Лясное возера. □ Дзедава хата стаіць усімі вокнамі на возера, да сонца. Брыль.

возеразна́ўства, ‑а, н.

Аддзел гідралогіі, які вывучае ўнутраныя воды (азёры, сажалкі і пад. вадаёмы); лімналогія.

во́зірк, ‑у, м.

Абл. Погляд, позірк убок, назад. Можа тысячны раз прабег ён [Няслаўскі] вокам па гэтым бяскрыўдным лістку паперы паміж боязных возіркаў на вокны. Мурашка.

•••

Без возірку — без аглядкі.

во́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. вазіць (у 1 знач.).

во́знік, ‑а, м.

1. Той, хто кіруе запрэжанымі коньмі; вазніца, фурман.

2. Той, хто займаецца возніцтвам. Патупаўшы на рынку і не знайшоўшы нікога з Выганаў, Лабановіч старгаваў за рубель возніка. Колас. Некалькі год давялося бацьку працаваць і местачковым балаголам, а потым у купцоў вознікам лясных матэрыялаў. Хведаровіч.

во́зніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да возніка, возніцтва. Возніцкі промысел.

во́зніцтва, ‑а, н.

Промысел па перавозцы коньмі каго‑, чаго‑н. Займацца возніцтвам.

во́зчык, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца перавозам грузаў на конях. Дарога па першым сняжку, працёртая возчыкамі дроў, аж блішчала пад сонцам. Якімовіч.

2. Тое, што і вознік (у 1 знач.).

во́зчыцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да возчыка.