вол, вала, м.
Кастрыраваны самец буйной рагатай жывёлы. Запрэглі мы дзве пары валоў — паехалі. Якімовіч.
•••
Вол пад’ярэмны — пра таго, хто многа і цяжка працуе.
З блыхі вала рабіць гл. рабіць.
Ні вала ні кала (няма) у каго — пра вялікую беднасць каго‑н.
Працаваць (рабіць), як чорны вол — рабіць не пакладаючы рук.
(Прыйшоўся) як вол да карэты — пра каго‑н., хто аказаўся недарэчным у нейкіх абставінах.
во́лава, ‑а, н.
Хімічны элемент, мяккі коўкі метал серабрыста-белага колеру.
во́лак, ‑у, м.
1. Шлях на водападзеле, па якім у даўнія часы перацягвалі волакам лодкі з грузам з адной рачной сістэмы ў другую.
2. Сетка ў выглядзе мяшка з прымацаванымі да яе двума шастамі.
во́лакам, прысл.
Цягнучы, валочачы па зямлі. — Пакурым, — яшчэ ўсё спакойна вырашыў Максім, — а потым усцягнем свой карабель на гэтыя клавішы. Па спосабу продкаў — волакам. Брыль.
во́лас, ‑а і ‑у; мн. валасы, ‑оў; м.
1. ‑а. Рагавое ніткападобнае валакно на скуры чалавека і жывёл. Сівы волас. // толькі мн. Расліннасць на галаве чалавека; шавялюра. Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані. Колас.
2. ‑у, зб. Такое валакно з конскага хваста або грывы, якое ўжываецца для розных тэхнічных патрэб. Конскі волас.
•••
Валасы (сталі) дыбарам — пра пачуццё жаху, вялікага страху, зведанага кім‑н.
Волас з галавы не ўпаў — застацца некранутым, не панесці страты; не панесці ніякага пакарання.
Волас у волас — такія падобныя адзін на аднаго, што цяжка адрозніць.
Дажыць да сівых валасоў гл. дажыць.
І на волас не заснуў — зусім, ніколькі не заснуў.
Ірваць на сабе валасы гл. ірваць 1.
воласападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на волас.
во́ласць, ‑і, ж.
1. У Старажытнай Русі — мясцовасць, падпарадкаваная адной уладзе.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі і часткова ў СССР да 1930 г. — ніжэйшая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, якая ўваходзіла ў склад паветаў.
во́лат, ‑а, М ‑лаце, м.
1. Казачны герой незвычайнай сілы, удаласці і мужнасці; асілак. // Чалавек вялікага росту і сілы; велікан, гігант. [Багданёнак] быў волат гадоў трыццаці. Чарнышэвіч. Волатам выглядае цельшынскі дзед Мікіта. Пшыркоў. // перан. Што‑н. надта вялікіх памераў. На зямлі гніюць пакрытыя мохам камлі лясных волатаў. В. Вольскі.
2. перан. Чалавек выдатных здольнасцей, геній; тытан. У гэтай сялянскай хаце адбылася першая сустрэча волатаў нашай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа. С. Александровіч.
во́латаўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да волата; як у волата. Волатаўскія намаганні. Волатаўская сіла.
волевыяўле́нне, ‑я, н.
Кніжн. Выказванне сваёй волі, жадання. Свабоднае волевыяўленне народа.