Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

во́чап, ‑а, м.

Шост, да якога прымацоўваецца калодзежнае вядро. Зарыпаў над студняю вочап. Калачынскі. З двара даносіцца неўгамоннае чырыканне вераб’ёў, скрып вочапаў, гук бляшаных вёдраў. Дуброўскі.

во́чапка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Разм.

1. Ручка (пераважна вераўчаная) вядра, бітона і пад.; восілка. Ганька бярэ за вочапку збан вады і выходзіць з хаты. Васілевіч.

2. Вешалка, прышытая да адзення.

во́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.

1. Памянш.-ласк. да вока (у 1 знач.); маленькае вока. Малыя шэранькія вочкі... Глядзяць з-пад броў зусім панура. Колас.

2. Невялікая (звычайна круглая) адтуліна ў якім‑н. прадмеце. Вочкі гузіка. Дзвярное вочка. □ Два чорныя вочкі дзедавай стрэльбы пільна сачылі за кожным рухам Каралька. Паслядовіч.

3. Круглы, яркі прадмет на фоне чаго‑н. З травы выглядалі.. чырвоныя вочкі суніц. Уперадзе запалілася зялёнае вочка светафора.

4. Пупышка, зрэзаная з дрэва для прышчэпкі. І прышчапіў ёй пад кару Цудоўных пару вочак. Лужанін. // Зародкі парасткаў на клубнях бульбы. Кожны клубень разрэзалі на дзве-тры часткі. Было б вочка, то прарасце. Паўлаў.

5. Значок на ігральнай карце.

6. Пятля ў вязанні. Спусціць вочка. □ [Андрэй] глядзеў, як спрытна варушацца.. пальцы [нянькі], накідваючы адно вочка за другім на пруток, і як лоўка мяняюцца адзін за другім пруткі. Васілевіч.

•••

Строіць вочкі каму гл. строіць.

во́чнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і акуліст.

во́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вока (у 1 знач.). Вочнае яблыка. Вочныя хваробы.

•••

Вочнае навучанне гл. навучанне.

Вочная стаўка гл. стаўка.

во́чы,

гл. вока.