Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

балю́ча,

1. Прысл. да балючы (у 2, 3 знач.).

2. безас. у знач. вык., каму-чаму і з інф. Пра фізічны і душэўны боль. Калі мы падышлі да рэчкі, узышло сонца, і снег так заблішчаў, што ажно вачам стала балюча. Хомчанка. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў [Даміра] стрымаць сябе. Асіпенка.

балю́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць балючага. [Ад слоў] дзедавай песні.. разліваецца па ўсім целе сцюдзёная, незразумелая балючасць. Галавач.

балю́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Пашкоджаны хваробай, раненнем. Вавілыч і партызаны, якія прыходзілі яму на дапамогу, паспелі адскочыць крокаў на сотню, аднак балючая нага садоўніка пашкодзіла ўсяму. Кулакоўскі.

2. Які выклікае адчуванне фізічнага болю. Балючы ўкол. // Які сведчыць пра боль; пакутны. Балючым енкам прагучэў самотны крык арла ў вышыні. Самуйлёнак.

3. перан. Які прычыняе душэўныя хваляванні, неспакой. — Добра, тата, добра, — адказала Таня, каб хутчэй закончыць гэтую балючую размову. Шамякін. // Які выяўляецца ў рэзкай форме. Андрэй чакаў нейкага адказу, магчыма, самага балючага рэагавання. Кулакоўскі. // Вельмі важны, найбольш хвалюючы. [Дзяўчынкі] спяшаюцца выкласці самае балючае — у іх класе ёсць яшчэ вучні з дрэннымі паводзінамі. «Маладосць». // Які цяжка адбіваецца на чым‑н. Была скончана пачатковая школа, але далейшы лёс хлопчыка апынуўся ў тупіку: працяг вучобы патрабаваў грашовых затрат, балючых для сялянскай гаспадаркі. У. Калеснік.

•••

Балючае месца гл. месца.

Балючае пытанне гл. пытанне.

балява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. баляваць.

балява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. Спраўляць баль; удзельнічаць у балі. Пан, аддаўшы загад аканому, ехаў з паняю баляваць у бліжэйшы маёнтак. Чарот. // Разм. Сабраўшыся кампаніяй, выпіваць, весяліцца. Карчма стаяла пры вялікай дарозе. У базарныя дні тут да раніцы балявалі мужыкі з далёкіх вёсак. Асіпенка.

2. Разм. Весці разгульнае жыццё ў папойках. Гаспадары маёнтка тыднямі балявалі ў Варшаве і Брэсце, не думаючы ні пра бядоту тутэйшых сялян, ні пра сваіх парабкаў. «Полымя».

3. перан. Пагард. Чыніць нястрымны разгул, спраўляць перамогу над кім‑н. (пра сілы вайны, рэакцыі). / у перан. ужыв. І здаецца тады, што кружыць, гуляе, балюе на балоце нячыстая сіла. Новікаў.

баля́са, ‑ы, ж.

1. Точаны фігурны слупок у агароджы тэрас, балконаў і інш., які служыць для апоры поручняў і ўпрыгожання.

2. толькі мн. (баля́сы, ‑аў). Агароджа з такіх слупкоў. Гэта быў светлы і таксама прасторны пакой, разгароджаны балясамі, за якімі стаяў доўгі стол, абіты цыратаю. Колас. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя пнівадзіцкіх калгаснікаў. Чорны.

баля́сіна, ‑ы, ж.

1. Тое, што і баляса (у 1 знач.).

2. Жэрдка або дошка, якая аб’ядноўвае балясы і з’яўляецца поручнямі. І тут мне стукнула ў галаву думка: прамаршыраваць па балясіне моста. Якімовіч. Паклаўшы кнігу на балясіну, .. [Сцяпан] распаліў люльку, прайшоў у кут тэрасы, паглядзеў на веснічкі і далей, на дарогу. Васілёнак.

баля́снік, ‑у, м.

Матэрыял для вырабу балясаў.

баля́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Тое, што і болька.

2. перан. Разм. Недахоп, слабае месца ў дзейнасці, характары. — Ты на маю балячку не [цісні]. Ад самога сябе хапае, сасмылела ўсё ўнутры, — адсек Нікадзім. М. Ткачоў. [Блецьку] агарнуў смутак і безнадзейнасць. Балячкі яго душы былі разварушаны. Чорны. // Пра чалавека з якімі‑н. недахопамі, з-за якога бываюць непрыемнасці калектыву. Пакідаць .. [Шалюту] старшынёю нельга, гэта відавочна, але ж на якую работу паставіць такую балячку? Дуброўскі.