эміса́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эмісара, належыць яму. Эмісарскія паўнамоцтвы. Эмісарскія сувязі.
эміса́рства, ‑а, н.
Выкананне абавязкаў эмісара.
эмісі́йны 1, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з эмісіяй 1. Эмісійная палітыка. Эмісійны банк (які мае права выпускаць банкноты).
эмісі́йны 2, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які дзейнічае пры дапамозе эмісіі 2. Эмісійны мікраскоп. Эмісійны фотаэлемент.
эмі́сія 1, ‑і, ж.
Спец. Выпуск банкнотаў, папяровых грошай і каштоўных папер. Інфляцыйная эмісія. Эмісія пазыкі.
[Лац. emissio — выпуск.]
эмі́сія 2, ‑і, ж.
Спец. Выпраменьванне, выдзяленне якім‑н. целам электронаў, іонаў, пазітронаў і пад. пад уздзеяннем награвання, асвятлення і інш. Электронная эмісія.
[Лац. emissio — выпраменьванне, выпуск.]
эмітава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.
Спец. Правесці (праводзіць) эмісію 1.
[Ад лац. emittere — выпускаць.]
эмітава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.
Спец. Выдзеліць (выдзяляць) электроны.
[Ад лац. emittere — выпраменьваць, выпускаць.]
эмітэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Спец. Той, хто ажыццяўляе эмісію 1 (дзяржава, банк, установа.)
[Ад лац. emittens, emittentis — які выпускае.]