Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

схо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — сход прадстаўнікоў сельскай абшчыны. // Рэвалюцыйны сход рабочых, студэнтаў і інш. За горадам была падпольная сходка, на якую паліцыя па нечым даносе зрабіла аблаву. Мурашка.

2. У Беларусі ў канцы 19 — пачатку 20 стст. — назва нізавой (цэхавай) сацыял-дэмакратычнай ячэйкі, якая аб’ядноўвала рабочых (рамеснікаў) адной прафесіі.

3. Наогул — збор людзей з якой‑н. мэтай. Увечары Марына Паўлаўна ў апошні раз ішла на сходку жаночага гуртка. Зарэцкі.

схо́дкі,

гл. сходы.

схо́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сходнага. Сходнасць цаны.

схо́дні, ‑яў; адз. сходня, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і сходы. Катэр стаіць напроці старых вязаў, і па сходнях бягуць, спяшаючыся, на паром людзі. Савіцкі. Усеўся [Іван] на халодных бетонных сходнях ганка і стаў чакаць. Дуброўскі. Матрос клаў доўгую сходню паміж бортам і берагам. Грахоўскі.

схо́дны, ‑ая, ‑ае.

Прымальны, падыходзячы; выгадны. Купіць па сходнай цане. □ Гаспадар, талковы і ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка. Брыль. Тут стаяла гамонка больш вясёлая, бо ў кірмашовыя дні, пасля сходнага продажу якога свінчаці, на возе мужчыны збіраліся каля пляшкі гарэлкі. Скрыган.

схо́дцы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Тое, што і сходы. Хвалюючыся і прыглядаючыся да ўсяго, як навічок, .. [Цімка] прайшоў па тэрыторыі будоўлі, па хісткіх сходцах узняўся на будынак. Карпаў. Ідуць па мармуровых сходцах булачніцы, разносчыкі газет, але і ў іх такі самы настрой, і ім гэтаксама, як мне, хочацца спаць. Карпюк.

схо́ды, ‑аў і схо́дкі, ‑дак; адз. няма.

Лесвіца; ступенькі лесвіцы. Выходзячы пасля работы з рэдакцыі, Чорны вешаў загнуты кіёк на балясіну сходаў. Лужанін. На сходах галоўнага ўвахода [Ніну] дагнаў Швыдрык. Лобан. Кожны ранак .. [Валя] разам са сваімі сяброўкамі па працы прыходзіць сюды, узбіраецца па засмечаных друзам сходках і бярэцца за кельму. Пестрак. З садовай дарожкі ў раку схадзілі к самай вадзе сходкі з парэнчамі. Мурашка.

схо́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад схапіць.

схо́пліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. схопліваць — схапіць (у 4, 6–8 і 10 знач.).

схо́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да схапіцца (у 3, 5 і 7 знач.).

2. Зал. да схопліваць (гл. схапіць у 4, 6 знач.).