ссе́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссяліць.
2. у знач. прым. Пераселены з ранейшага месца; далучаны да іншых. Вуліца вырасла за адзін год, са сселеных хутароў, — дальніх, лясных і блізкіх, палявых, — але сядзіба Драбка засталася некранутай. Навуменка.
3. у знач. наз. ссе́леныя, ‑ых. Тыя, каго ссялілі з розных месц у адно. З узгорка адкрывалася другая палова вёскі — старадаўніна, вакол якой будаваліся сселеныя з хутароў. Асіпенка.
ссе́сціся, ссядзецца; зак.
1. Выпасці ў выглядзе асадку з раствору.
2. Збегчыся, стаць карацейшым (пра матэрыял, тканіну).
3. Стаць больш шчыльным, цвёрдым. Зямля сселася.
ссе́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссячы, ссекчы.
2. у знач. прым. Высечаны; адсечаны. Землеўласнікі сталі збіраць свой набытак, адбіралі ад сялян кароў, коней, цягалі іх па судах за ссечаны лес. Колас. І сосен гонкіх спеў суладны Сціхаў у ссечаным галлі. Кляўко.
3. у знач. прым. Пасечаны, з выбоінамі. Яе думай, што забыў лучыну І нізкі ссечаны парог. Бураўкін.
4. у знач. прым. Здробнены секачом. Ссечаныя буракі.
ссёрбаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ссёрбаць.
ссёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Сёрбаючы, з’есці якую‑н. вадкую страву; высербаць. Ссёрбаць суп.
ссёрбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ссёрбаць.
ссёрбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
Разм. Адпіць, сербануць трохі зверху з поўнай пасудзіны.
ссіве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ссівеў (пра валасы). Прысядуць [інваліды], цыгаркі закураць, У кут пастаўляўшы кіі, Ссівелыя бровы патураць, Успомняць: грымелі баі. Ляпёшкін. // З такімі валасамі (пра чалавека). На палубе два рудакопы сталі, Каля іх ссівелая жанчына. Зарыцкі. Падняў акуляры ўгору Ссівелы хірург вусаты: — Вам кім даводзіцца хворы? Нядзведскі. / Пра галаву. — Куды там мне, — паківаў ссівелай галавою стары. Ваданосаў. // перан. Які набыў колер сівізны. Сягоння сад, пад месяцам ссівелы, Не распачаў звычайную гамонку. Дзяргай. Узнімаецца бераг-скала. Да яго прыліпае імгла, І таежны ссівелы мох Да халоднай скалы прысох. Хведаровіч. // перан. Які даўно існуе, вельмі старажытны. Грымеў навальнічны харал, І плечы сутульваў Ссівелы Урал, І Волга ўспаміны гайдала. Барадулін. Аб ім [старым] толькі пеўнікі На кірхах ссівелых бязгучна крычаць. Калачынскі.
2. у знач. наз. ссіве́лы, ‑ага, м.; ссіве́лая, ‑ай, ж.; Той (тая), хто ссівеў, мае сівыя валасы. Сумненні, радасці, часамі беды З усіх канцоў трывожнае Зямлі На самую святую плошчу свету І юных, і ссівелых прывялі. Грахоўскі.
ссіве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑е; зак.
Стаць сівым. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. [Барыс Сідаравіч:] — Не пашукаў .. [Несцеру Іпатавічу] нявесту! Трэба было самому клапаціцца, у маладыя гады, а не цяпер заяўляць прэтэнзію, калі ўжо і галава ссівела. Дубоўка.
ссіне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які ссінеў; пасінелы. [Паліцай] ехаў на санях і, сустрэўшы .. [Надзю] — у дзіравай ватоўцы, ссінелую ад холаду, з усяго размаху выцяў пугай. Бураўкін.