Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

слязлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць слязлівага (у 1, 2 знач.). Усе тыя пісьмы .. [Алёша Касцянок] знішчыў. Потым напісаў гэта, як яму здавалася, мужнае, без дзявочай слязлівасці і сентыментальнасці, без дзіцячай наіўнасці, зусім па-даросламу напісанае пісьмо. Шамякін.

слязлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта плача (пра чалавека), схільны да слёз. Слязлівае дзіця. □ Заўсёды злодзей пад судом слязлівы. Корбан. / у перан. ужыв. Зашумела слязлівая восень — І закрылася хмарамі просінь. Журба. // Які выказвае схільнасць да слёз; плаксівы. Слязлівы тон. □ Да камісара Кінуўшыся хутка,.. Я голасам слязлівым і цянюткім Прасіў яго: — Вазьмі мяне з сабой!.. Хведаровіч.

2. Які выклікае жаласць, спачуванне. Голас мой часта зрываўся, сіпкі сціскалі горла — расказ быў слязлівы, жаласлівы, варты хіба толькі спачування. Мыслівец. // Чуллівы. Дзеянне разгортваецца ў.. [апавяданні] марудна, шмат слязлівай сентыментальнасці. С. Александровіч.

3. Разм. З слязамі, напоўнены слязамі; слязісты (пра вочы). [Кабыла] павярнула галаву і зірнула сумнымі слязлівымі вачыма. Чарнышэвіч.

слязні́ца, ‑ы, ж.

1. У старажытным Рыме — пасудзінка, у якую збіралі слёзы, калі плакалі па нябожчыку.

2. Слёзны мяшок каля вока, дзе збіраюцца слёзы.

сляпа́к, слепака, м.

Разм. зневаж.

1. Сляпы чалавек. / у перан. ужыв. Бедны мы і цёмны, Ходзім слепакамі. Колас. А на фронце .. хто быў смелы? Не той, хто пер на ражон, як сляпак, а той, хто адолеў у сабе страх і рабіў, што трэба... Місько.

2. перан. Чалавек, які чаго‑н. не заўважае, якога ашукалі ў чым‑н. Не веру ў фокуснікаў цуды.., Што ў ход пускаюць хітра ўсюды Туман на цёмных слепакоў. Купала. // Цёмны, неадукаваны чалавек. — Вучыся, ёлуп, — зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. — Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня! Караткевіч.

3. Тое, што і сляпыш.

4. Тое, што і сляпень.

сляпе́нь, ‑пня, м.

Двухкрылае насякомае сямейства крывасмокаў, самка якога жывіцца кроўю жывёлы і чалавека. Душна Яну. Спацеў ужо і конь. Ля каня круцяцца кучаю сляпні і авадні, ліпнуць да яго, лезуць яму ў вочы. Галавач. Мухі і сляпні не давалі спакою каню, атакуючы яго з усіх бакоў. Мележ.

сляпі́ца, ‑ы, ж.

У выразе: лезці сляпіцаю ў вочы гл. лезці.

сляпі́цца, сляпяюся, слепішся, слепіцца; незак.

1. Псаваць сабе зрок. Мала ёй [Ганьцы] дня, дык яшчэ будзе сляпіцца мне тут цэлы вечар. Васілевіч. Увосень па даху нудна барабаніў дождж, а яна [Гэля] сляпілася за кудзеляю ці абдзірала пер’е. Грахоўскі. Ліпачка пры газоўцы сляпілася над кніжкаю. Сабаленка.

2. Пра немагчымасць глядзець (ад яркага святла і пад.). Без.. [шапкі] стала горай: гарэў агнём лоб ад сонца і сляпіліся вочы. Пташнікаў. [Каця] ішла насустрач і .. вельмі сляпілася ад сонца. Алешка.

3. Зал. да сляпіць.

сляпі́ць, сляплю, слепіш, слепіць; незак., каго-што.

1. Пазбаўляць зроку, рабіць сляпым. // Пагаршаць зрок, псаваць вочы. Твая дзяўчына пры кудзелі Сляпіць не будзе ясных вочак. Купала. Эх, жэўжык! Замарыўся ўчора, ходзячы за каровамі, а ўсё роўна ўвечары сляпіў вочы: штосьці пісаў. С. Александровіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асляпляць яркім, моцным святлом. Кругом было так чыста, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Колас. Святочныя ілюмінацыі на вуліцы сляпілі вочы. Карпюк.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перашкаджаць глядзець, бачыць, засыпаючы ці залепліваючы, засцілаючы чым‑н. вочы. Слёзы сляпілі вочы. □ Паваліў густы мокры снег, сляпіў вочы, слізкімі палякамі спаўзаў за каўнер. Грахоўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Пазбаўляць здольнасці разумна разважаць. Гнеў пачынаў сляпіць. Караткевіч.

сляпу́н, слепуна, м.

Трапічная чэрвепадобная змяя з маленькімі недаразвітымі вачамі, якая водзіцца ў верхніх слаях, глебы.

сляпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Вельмі яркі, асляпляльны. Зверху праз густую сетку галля і лісця падалі мне на твар гарачыя, сляпучыя промні сонца. Сачанка. У небе свяціла яркае сонца, і ад лесу на сляпучы белы снег клаўся густы цёмны цень. Арабей. Дождж ліў так, што ўся зямля ў сляпучым святле бліскавіц укрывалася сінім мільгаценнем кропель. Караткевіч.