слязлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта плача (пра чалавека), схільны да слёз. Слязлівае дзіця. □ Заўсёды злодзей пад судом слязлівы. Корбан. / у перан. ужыв. Зашумела слязлівая восень — І закрылася хмарамі просінь. Журба. // Які выказвае схільнасць да слёз; плаксівы. Слязлівы тон. □ Да камісара Кінуўшыся хутка,.. Я голасам слязлівым і цянюткім Прасіў яго: — Вазьмі мяне з сабой!.. Хведаровіч.

2. Які выклікае жаласць, спачуванне. Голас мой часта зрываўся, сіпкі сціскалі горла — расказ быў слязлівы, жаласлівы, варты хіба толькі спачування. Мыслівец. // Чуллівы. Дзеянне разгортваецца ў.. [апавяданні] марудна, шмат слязлівай сентыментальнасці. С. Александровіч.

3. Разм. З слязамі, напоўнены слязамі; слязісты (пра вочы). [Кабыла] павярнула галаву і зірнула сумнымі слязлівымі вачыма. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)