піса́цца, пішуся, пішашся, пішацца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Ужывацца на пісьме; перадавацца на пісьме пэўным чынам. На канцы слова «вугаль» пішацца мяккі знак. □ Падыходзіў бліжэй дзядзька Антось, і мужчыны наладжвалі вучням і дарэктару «экзамент». Пыталіся, як пішацца тое ці іншае слова. С. Александровіч.
2. безас. Разм. Аб магчымасці або жаданні пісаць. Пісалася добра, Бо золкі Дождж рытм адбіваў. Калачынскі.
3. Уст. Лічыцца кім‑, чым‑н., называць сябе як‑н. у дакументах, афіцыйных паперах. — Ты як пішашся: па бацьку ці па матцы? — запытаўся .. [старшыня]. Якімовіч.
4. Разм. Запісвацца, уступаць. Адзін за адным каралінцы пачалі пісацца ў калгас. Сабаленка.
5. Зал. да пісаць.
піса́ць, пішу, пішаш, піша; незак.
1. што і без дап. Перадаваць на паперы або на іншым матэрыяле якія‑н. графічныя знакі. Пісаць літары. □ З літар складаецца слова. Слова піша чалавек. Чорны. // без дап. Умець перадаваць на пісьме літары, словы і пад. [Лютынскі:] Я, пане, і сам ні чытаць, ні пісаць па-польску не ўмею. Крапіва. Ад .. брата [Наташа] навучылася чытаць і пісаць і хутка пачала рабіць гэта нават лепш, чым ён. Шамякін. // без дап. Быць прыгодным для пісання. Пяро дрэнна піша.
2. што. Складаць які‑н. пісьмовы тэкст. Рыгор паспешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Гартны.
3. што, аб кім-чым або з дадан. сказам. Паведамляць аб чым‑н., выказваць што‑н. у пісьмовай форме. З Петраграда Адаму пісаў брат, што там рабочыя бунтуюць. Корбан.
4. што і без дап. Складаць і запісваць літаратурны, навуковы або музычны твор. Пісаць апавяданні. Пісаць дысертацыю. Пісаць оперу. // без дап. Займацца літаратурнай дзейнасцю, быць пісьменнікам. Я баяўся, каб Барыс зусім не кінуў пісаць. Бядуля. // у што. Змяшчаць свае творы ў якім‑н. перыядычным выданні. [Пахлябіч:] — Пачні пісаць у газету, я табе нават скажу, што напісаць на першы раз. Чорны.
5. што і без дап. Ствараць творы жывапісу. Палянку мастак добра ведаў: ужо трэцюю восень прыязджаў ён сюды пісаць асенні эцюд. Даніленка.
•••
І пайшла пісаць губерня гл. губерня.
Пішы прапала — аб непазбежнасці якой‑н. страты, няўдачы і пад.
піск, ‑у, м.
Тонкі, высокі гук. Не паспеў Васіль спыніць каня, як жанкі з піскам і смехам шуганулі на снег. Васілевіч. Крыкі гандляроў, смех гуляючых, .. рык гавяды, піск свіней — усё злівалася ў адну шумную басовую ноту. Гартны.
піскатня́, ‑і, ж.
Разм. Працяглы многагалосы піск. Ад нечаканасці і страху я застыў на месцы і прастаяў так, не варухнуўшыся, з паўгадзіны, пакуль не сціх іх [пацукоў] шэлест і піскатня. Сяргейчык.
пісклі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі тонкі, вісклівы (пра голас, гукі). Тоненькім, пісклівым, як у птушкі, галаском .. [дзед Мірон] апавядаў майму бацьку былі. Бядуля. // Аб тым, хто мае такі голас. Пісклівы чалавек. // Які пішчыць (аб прадметах).
2. Які многа пішчыць, схільны да піску. — [Малыя] ўсе такія пісклівыя. Карпюк. Хто гнёзды ўе, хто ловіць мошак, — Сваіх пісклівых корміць крошак. Крапіва.
піскля́, ‑і, ж.
Разм. пагард. Той, хто часта пішчыць. // Пра чалавека з пісклівым голасам.
піскля́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і пісклівы. Услед пачуўся злосны пісклявы вокрык наглядчыка. Мележ.
піскляня́ і пісклянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Абл. Кураня, птушаня. Разам кормяць пісклянят, Хітрых і свавольных, Разам лётае атрад Па лугах раздольных. Агняцвет.
пі́скнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Тое, што і піснуць. Жаласліва піскнула непадалёку нейкая птушачка. М. Ткачоў. — Добры дзень! — тоненька піскнуў хлапчук, глянуўшы на мяне спадылба. Васілевіч.