піса́ць, пішу, пішаш, піша; незак.
1. што і без дап. Перадаваць на паперы або на іншым матэрыяле якія‑н. графічныя знакі. Пісаць літары. □ З літар складаецца слова. Слова піша чалавек. Чорны. // без дап. Умець перадаваць на пісьме літары, словы і пад. [Лютынскі:] Я, пане, і сам ні чытаць, ні пісаць па-польску не ўмею. Крапіва. Ад .. брата [Наташа] навучылася чытаць і пісаць і хутка пачала рабіць гэта нават лепш, чым ён. Шамякін. // без дап. Быць прыгодным для пісання. Пяро дрэнна піша.
2. што. Складаць які‑н. пісьмовы тэкст. Рыгор паспешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Гартны.
3. што, аб кім-чым або з дадан. сказам. Паведамляць аб чым‑н., выказваць што‑н. у пісьмовай форме. З Петраграда Адаму пісаў брат, што там рабочыя бунтуюць. Корбан.
4. што і без дап. Складаць і запісваць літаратурны, навуковы або музычны твор. Пісаць апавяданні. Пісаць дысертацыю. Пісаць оперу. // без дап. Займацца літаратурнай дзейнасцю, быць пісьменнікам. Я баяўся, каб Барыс зусім не кінуў пісаць. Бядуля. // у што. Змяшчаць свае творы ў якім‑н. перыядычным выданні. [Пахлябіч:] — Пачні пісаць у газету, я табе нават скажу, што напісаць на першы раз. Чорны.
5. што і без дап. Ствараць творы жывапісу. Палянку мастак добра ведаў: ужо трэцюю восень прыязджаў ён сюды пісаць асенні эцюд. Даніленка.
•••
І пайшла пісаць губерня гл. губерня.
Пішы прапала — аб непазбежнасці якой‑н. страты, няўдачы і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)