Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пятля́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які ўтварае петлі; звілісты, пакручасты. [Галі] здавалася, што за Нежыхавам і свету белага больш нідзе няма, што ўсяго тае і красы, што нежыхаўскал пакручастая, пятлястая рачулка. Сабаленка. [Анежку] можна было параўнаць з ціхаю лясною рэчкаю, якая доўга кацілася пятлястымі нізінамі ў зелені дрэў. Броўка.

пятля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм. Ідучы, рухаючыся не па прамой лініі, рабіць петлі (у 2 знач.). Паўліку .. цяпер было не да разваг. Ён то пятляў накшталт зацкаванага беляка, то рабіў рэзкія скачкі ўбок. Беразняк. У збіраюся на пагоркі, апускаюся ў лагчыны, іду прама і пятляю сюды-туды, як пятляюць і самі дарогі. Сачанка. // Ісці, праходзіць петлямі; выгінацца. У сваё мястэчка з Врусоў я вяртаўся другой дарогай, якая пятляла па лесе па той бок чыгункі-аднапуткі. Навуменка. Па вузкай камяністай дарозе, што пятляе сярод сопак, сёння ішла пяхота. Шамякін. Дарога пятляла сярод палеткаў, часам збягала ў нізіну, дзе ад альховых парасткаў рэзка патыхала пахам рачной твані і старога зляжалага лісця. Савіцкі.

пятна́ццаты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да пятнаццаць. Пятнаццатая гадзіна. Пятнаццаты год.

пятнаццацігадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які працягваецца пятнаццаць гадоў. Пятнаццацігадовы тэрмін.

2. Які мае пятнаццаць гадоў. Пятнаццацігадовым хлопцам я прайшоў тую першую прасеку з канца ў канец. Пальчэўскі.

3. Які мае адносіны да пятнаццацігоддзя (у 2 знач.).

пятнаццаціго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу, тэрмін у пятнаццаць гадоў. Апошняе пятнаццацігоддзе.

2. Гадавіна падзеі, якая адбылася пятнаццаць гадоў таму назад. Пятнаццацігоддзе адкрыцця музея.

пятна́ццаць, ‑і, Т ‑ццаццю, ліч. кольк.

Лік і лічба «15». Пятнаццаць памножыць на тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 15. Пятнаццаць дзён.

пя́тніца, ‑ы, ж.

Пяты дзень тыдня.

•••

Сем пятніц на тыдні у каго — пра таго, хто часта мяняе свае рашэнні.

пя́тнічны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да пятніцы, адбываецца ў пятніцу.

пято́к, ‑тка, м.

Разм. Колькасць, роўная пяці; пяць аднолькавых прадметаў. Вечарам, пакідаючы поле, я загортваў з пяток бульбін у мяшок і нёс іх у вёску — малому Генрыху. Ракітны. Праз якіх хвілін пяток вартавы асцярожна падсунуў .. [Васілю Іванавічу] пад галаву нечую ватоўку, прыкрыў шынялём. Лынькоў.

пятро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.; мн. няма.

Уст. Пост у праваслаўных перад святам апосталаў Пятра і Паўла, якое святкуецца 12 ліпеня па новаму стылю. Стаяў млява-пагодны дзень, адзін з тых дзён, якія рэдка калі бываюць у пятроўку. Нікановіч.