пяке́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы пеклу, такі, як у пекле. І вось пачалося змаганне Дабра і прадвечнага зла, Світальнай зары і змяркання, Пякельнай начы і святла. Танк.
2. Разм. Вельмі цяжкі, нясцерпны; пакутлівы. Пасля двух пякельных баявых дзён рота лейтэнанта Клямта была адведзена з пярэдняга краю. Мележ. У душы маёй заўсёды быў нейкі пякельны разлад. Купала.
3. Разм. Незвычайны па ступені праяўлення; страшэнны. Пякельная спёка. Пякельны боль. □ Усё цела паліў пякельны агонь, трашчала ад болю галава, ліўся густы пот. Дуброўскі.
4. Разм. Жорсткі, бесчалавечны. Нямала людзей з маёй вёскі не вярнулася з вайны, нямала дзяцей і дарослых загінула ў часы пякельнага рэжыму фашысцкай акупацыі. Кулакоўскі.
пяко́лак, ‑лка, м.
Абл.
1. Прыпечак. Ці бачылі, як маці ранняй часінай, Узяўшы смалісты агарак лучыны, Схіліўшыся, дзьме на вуголле ў пяколку, Пакуль яно не разгарыцца вясёлкай. Танк.
2. Цёплае месца на печы, куды лазяць грэцца або ставяць што‑н. грэць. Я дружыў з пяколкам, Нібы дзед стары. Бядуля. Маці саскочыла з пяколка і з трывогай забегала па хаце. Машара. Паставіўшы дзяжу на пяколак, [Арына] пачала рыхтаваць вячэру. Стаховіч.
3. Ніша ў печы; пячурка. Абмацала [Ева] ўвесь пяколак — Няма запалак. Бацька знёс. Гаўрусёў.
пяко́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Адчуванне пякучага болю ў страваводзе. Пякотка ў грудзях. □ — Нешта хварэю, брат.. Пякотка, на яе ліха, не дае спакою... Хведаровіч.
пяку́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Пякучая крапіва; жыгучка. Хто сустрэўся быў са мною, Дакрануўся раз ці два, Дык той ведае ўжо хто я: Я — пякучка-крапіва. Крапіва.
пяку́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі гарачы, здольны спальваць, паліць. Пякучыя прамяні сонца. Пякучае вуголле. □ Пякучы дробны пясок дыміў па палях. Бядуля. // Які выклікае адчуванне апёку, прычыняе востры нясцерпны боль. Пякучы мароз. □ Часта дзьмуў пякучы сівер. Паслядовіч. Мікола выпіў. Ром быў пякучы, аж захапіла дых. Новікаў. // перан. З’едлівы, калючы, востры. Пякучае слова. Пякучы язык.
2. перан. Які вельмі востра, балюча перажываецца; пакутлівы. Мінаў час. Залечваліся раны; гора, аддаляючыся, рабілася ўжо не такім пякучым. Шахавец. Задрыжала рука, у якой капітан трымаў пісьмо, заныла сэрца ад пякучай крыўды. Алешка.
пяле́гавацца, ‑гуецца; незак.
Зал. да пялегаваць.
пяле́гаваць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., каго-што.
Абл. Аддаваць шмат увагі каму‑, чаму‑н., любоўна даглядаць; песціць. Густыя светла-каштанавыя валасы, якіх.. [Чорны] ніколі не песціў і не пялегаваў, кучаравіліся самі сабой. Вітка.
пялёначны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пялёнкі, пялёнак.
пялёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Суцэльны покрыў (туману, дажджу, снегу, дыму і пад.), які завалаквае, зацягвае што‑н. з усіх бакоў. І вось цяпер.. [снег] адразу шчодра заслаў зямлю сваёй пушыстай пялёнкай. М. Ткачоў. Лёгкі марозік зацяг[в]аў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Колас.
2. Прасцінка для ўкручвання, спавівання грудных дзяцей. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі і шыла што-небудзь для дзіцяці. Шамякін.
•••
З пялёнак — з ранняга дзяцінства.