Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пляву́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Гаварыць абы-што, пустое, без толку. Можа, цэлую гадзіну.. [Гардзей] знарок, не зважаючы на непрыхільнасць Ігната, плявузгаў пра розныя дробязі. Мележ.

плявузго́та, ‑ы, ДМ ‑гоце, ж.

Разм. Тое, што і плявузганне. Плявузгота [Бабініча] ўжо не рабіла вялікага ўражання: да яе прыслухаліся і прыцярпеліся. Колас.

пля́га, ‑і, ДМ плязе, ж.

Разм.

1. Дажджлівае надвор’е, слота. [Ціток:] — Бывала, дождж ці якая пляга, то я толькі і думаю што пра цябе: дзе гэты бедны Амеля, думаю, ноч сваю каратае? Лобан.

2. Няшчасце, бяда. [Сымон:] — На печ залез я не на век І не зраблю вам ліха, плягі, Бо не такі я чалавек. Колас. // Пра што‑н. прыкрае, непрыемнае, назойлівае. [Бабка:] — Не дзеці, а пляга нейкая на маю галаву! Усё вышнараць, да ўсяго далезуць! Каліна. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, слепні. Ад гэтай плягі лось і схаваўся ў пратоцы. В. Вольскі.

пляж, ‑а, м.

Пясчаны або жвірысты бераг ракі, мора ці возера, на якім загараюць і адпачываюць у час купальнага сезону. Крыху далей высокі бераг з сасновым лесам пераходзіць у шырокі пясчаны пляж. В. Вольскі.

[Фр. plage.]

пля́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пляжа. Ногі правальваліся ў драбнюткі, зусім як пляжны, пясок, пакідаючы на ім адбіткі слядоў. Шыцік. // Прызначаны для пляжа. Пляжны касцюм.

пля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

Разм.

1. што. Секчы; нішчыць. Пляжылі векавыя дубы, хвоі, ясені, бярозы, грузілі іх на машыны, падводы, тралявалі да чыгункі. Сачанка.

2. Біць. Пляжылі некалі молатамі ў кузні і бацька Шведзікаў і брат, ды мала ад таго было карысці. Даніленка. — Мяне толькі бацька пляжыў дубцом па лытках, калі часам у чужы сад заблуджуся, — прызнаўся Грэчка. Няхай.

3. што. Нішчыць, глуміць. — Не будзе больш жыта машынай пляжыць. Зара[чэцца] і дзесятаму закажа. Як далі на партыйным сходзе вымову... Ермаловіч.

пля́ма, ‑ы, ж.

1. Знак, месца на паверхні як брудны след чаго‑н. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Кожны .. [Раманаў] крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю. Колас. // Частка паверхні, якая выдзяляецца чым‑н. Пасля ліўня яшчэ з раніцы зялёныя ўзгоркі ляжалі чорнымі плямамі. Васілевіч. Маленькае акенца ледзь выдзялялася жаўтавата-шэрай плямай. Кулакоўскі.

2. перан. Што-небудзь ганебнае. Але калі ўчора .. [Пракоп] хацеў знайсці якую-небудзь пляму ў жыцці калгаса, то цяпер ён шчыра хацеў, каб гэтых плям тут не было. Колас. [Гарлахвацкі:] Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Крапіва.

•••

Белая пляма — а) недаследаваны або маладаследаваны раён; б) перан. аб якім‑н. нявырашаным пытанні.

Жоўтая пляма — вельмі чуллівае да святла месца сятчаткі вока каля выхаду зрокавага нерва.

Радзімая пляма — а) прыроджанае змяненне скуры; б) перан. недахоп, які з’яўляецца перажыткам чаго‑н.

Сляпая пляма — месца ўваходу ў сятчатку валокнаў зрокавага нерва, якое пазбаўлена палачак і колбачак.

Сонечныя плямы — утварэнні на паверхні сонца, якія здаюцца цёмнымі плямамі.

пляме́ннік, ‑а, м.

Сын брата або сястры. Наўкол пляменнікі сядзелі, На дзядзьку пільна ўсе глядзелі. Колас.

пляме́нніца, ‑ы, ж.

Дачка брата або сястры. Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з бледным прыпухлым васпаватым тварам. Ракітны.

пля́міна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і пляма (у 1 знач.). [Андрэйка] абліў паперу чарнілам, зрабіўшы чорную пляміну велічынёю з медны пятак. Бядуля. За акном на снезе светлая пляміна акна, на пляміне ягоны [Панаваў] цень і далей густая цемра і мёртвыя, глухія гукі ночы. Галавач.