пля́ма, ‑ы, ж.

1. Знак, месца на паверхні як брудны след чаго‑н. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Кожны .. [Раманаў] крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю. Колас. // Частка паверхні, якая выдзяляецца чым‑н. Пасля ліўня яшчэ з раніцы зялёныя ўзгоркі ляжалі чорнымі плямамі. Васілевіч. Маленькае акенца ледзь выдзялялася жаўтавата-шэрай плямай. Кулакоўскі.

2. перан. Што-небудзь ганебнае. Але калі ўчора .. [Пракоп] хацеў знайсці якую-небудзь пляму ў жыцці калгаса, то цяпер ён шчыра хацеў, каб гэтых плям тут не было. Колас. [Гарлахвацкі:] Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Крапіва.

•••

Белая пляма — а) недаследаваны або маладаследаваны раён; б) перан. аб якім‑н. нявырашаным пытанні.

Жоўтая пляма — вельмі чуллівае да святла месца сятчаткі вока каля выхаду зрокавага нерва.

Радзімая пляма — а) прыроджанае змяненне скуры; б) перан. недахоп, які з’яўляецца перажыткам чаго‑н.

Сляпая пляма — месца ўваходу ў сятчатку валокнаў зрокавага нерва, якое пазбаўлена палачак і колбачак.

Сонечныя плямы — утварэнні на паверхні сонца, якія здаюцца цёмнымі плямамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)