мядне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. мядніць.
мядні́ца, ‑ы, ж.
Абл. Медны таз. Казік у сподняй кашулі плёскаўся і фыркаў над вялікаю мядніцай. Грахоўскі.
мядні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
Наносіць слой медзі на паверхню металічных вырабаў гальванічным метадам.
мядо́вік, ‑а, м.
Мядовы пернік. Асаблівым попытам карысталіся пернікі-мядовікі.
мядо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мёду. [Людвік] выбраў чыстую мясцінку на прызбе, паставіў на ёй мядовую рамку і выйшаў на вуліцу. Кулакоўскі. // Прыгатаваны з мёду, на мёдзе. Мядовы пернік. Мядовы квас.
2. Які пахне мёдам. Верасы напаўняюць паветра мядовым пахам. В. Вольскі. // Падобны колерам на мёд, жоўта-залацісты. [Сонца] кідаецца на абшар, аблівае яго мядовым колерам. Бядуля.
3. перан. Саладжавы, прытарна-пяшчотны, ліслівы (пра голас). — Сястрычка, ідзі пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць урачу, — мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.
•••
Мядовы месяц гл. месяц.
мяду́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і медуніца.
мяду́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мядункі, уласцівы ёй. Мядункавы цвет. Мядункавы пах.