метады́ст 1, ‑а, М ‑сце, м.
Спецыяліст па методыцы выкладання якога‑н. прадмета.
метады́ст 2, ‑а, М ‑сце, м.
Прыхільнік метадызму.
метады́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да метадыст 1.
метады́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць метадычнага; строгая паслядоўнасць. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак.
метады́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да методыкі. Метадычны кабінет. □ Асноўны метадычны прынцып на ўроку, як і раней, франтальная работа з класам. Барсток.
2. Планамерны, строга паслядоўны. Аднекуль даляталі ўпартыя і метадычныя ўдары молата па жалезе. Карпаў.
мета́л, ‑у, м.
Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці. Лёгкія металы. □ Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. // Пра гукі, голас, якія нагадваюць металічны звон. Смелы, магутны, з металу скованы голас аэраплана залятае ў дзедаву хату. Колас.
•••
Высакародныя металы — золата, серабро, плаціна.
Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.
Невысакародныя металы — металы, якія акісляюцца, ржавеюць.
Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.
Чорныя металы — чыгун, жалеза, сталь.
[Грэч. metallon.]
метала...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «метал», напрыклад: металаплавільны, металарэзны, металалом, металахімічны.
металаапрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.
Тэхналагічны працэс змены форм, размераў і якасцей металаў і сплаваў.
металаапрацо́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да апрацоўкі металаў. Металаапрацоўчы станок. Металаапрацоўчая прамысловасць.
металаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да металаграфіі (у 1 знач.). Металаграфічны аналіз.
металагра́фія, ‑і, ж.
1. Навука, якая займаецца вывучэннем структуры і фізічных уласцівасцей металаў і сплаваў.
2. Спец. Друкаванне з гравіраваных або траўленых металічных форм з паглыбленым рысункам.
[Ад грэч. metallon — метал і graphō — пішу.]