Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мерзлатазна́ўства, ‑а, н.

Навука, якая вывучае вечную мерзлату.

ме́рзлы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і мёрзлы.

ме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мёрз, мерзла; незак.

1. Рабіцца вельмі халодным, калець, дубець; моцна адчуваць холад. Ад доўгага стаяння на месцы ў Міці пачалі мерзнуць ногі. Навуменка. — Падлівай цёплай вады, ато бо, яшчэ маці завецца! — дзіця мерзне, а яна і не дбае, — нездаволена камандавала бабка. Васілевіч.

2. Гінуць ад марозу, вымярзаць. Не мерзнуць кветкі ў цяпле. Аўрамчык.

ме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Адпаведны размер чаго‑н. Каб абутак шыць па мерцы: Не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч.

2. Прадмет, які служыць для вымярэння даўжыні. Калі заходзім у другую палавіну хаты нашага калгаснага садоўніка .., у вочы адразу кідаецца двухметровая, з адламаным канцом-нагой, брыгадзірская мерка «каза». Шуцько.

3. Пасудзіна для мерання чаго‑н. вадкага або сыпучага. — Гэты хлапчук без чаргі, не адпускайце, — нібы прачнулася .. [жанчына] ад бразгату літровай меркі аб бітон. Пальчэўскі. Хлеба нам гаспадыня не прыбаўляла, бульбы таксама насыпала адну мерку: хочаш — еш, хочаш — бяры з сабою. Якімовіч.

4. перан. Спосаб ацэнкі, крытэрый. — Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Колас. Кастрычнік, Ні ў чым ты не знаеш стандарту, Нічога не мераеш меркай крывою. Барадулін.

5. Уст. Плата збожжам за памол у млыне. Пакуль прымаць мерку ў новых завознікаў, студэнт паглядзеў на вялікія, як добрыя парсюкі, мяхі Сценкі Мякіша, што хітра прысуседзіліся каля самага каша. Брыль.

•••

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

меркава́нне, ‑я, н.

1. Думка, погляд. Відаць, думка была слушная, бо таварышы падтрымалі меркаванне радыста. Шыцік. — Чалавек як прывыкне да дамашняй стравы, дык яго хоць у рэстараны завядзі — не наесца, — выказаў сваё меркаванне Казлюк. Няхай. // Вынік роздуму. Вера Антонаўка коратка пазнаёміла выпускніцу з двума меркаваннямі камісіі. Васілевіч.

2. Разлік, дапушчэнне. Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Партызаны выказвалі свае меркаванні пра тое, што магло здарыцца з Мікалаем Мікалаевічам. Сіняўскі.

меркава́цца, мяркуюся, мяркуешся, мяркуецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець у якасці намеру, разліку на будучае; намячацца. Верамейчык расказаў, якім чынам калгас дасягнуў высокіх ураджаяў і як далей мяркуецца развіваць гаспадарку. Дуброўскі. Сельскі савет перайшоў у новы будынак — меншы — на сярэдзіну вёскі, а стары, вялікі, меркаваўся пад клуб. Пестрак.

2. Жыць у згодзе, мірыцца. — Вядома, бацькаўшчыны шкода, — Сказаў Антось у тоне згоды: — Але ж і трэба меркавацца І аднаго чаго трымацца. Колас.

3. Раіцца. Тут .. [хлопцы] зноў пачалі меркавацца, каму лезці, а каму збіраць яблыкі. Шахавец. — Я табе, сынку, скажу. Я меркаваўся з маткаю.. Мы з маткаю дамо рады і даўгам і зямлі. Чорны.

меркава́ць, мяркую, мяркуеш, мяркуе; незак.

1. Гаварыць, разважаць, абмяркоўваючы што‑н.; думаць. Доўга сядзелі Глушкевіч з Нічыпарам пры лямпе, доўга меркавалі, дзе і што будаваць. Дуброўскі. [Карніцкі:] — Вось зараз мы меркавалі: жаць жыта па палосках ці абагуль[ва]ць усе пасевы і пачынаць уборку калектыўна. Паслядовіч.

2. Рабіць якія‑н. вывады, дапушчэнні, здагадкі. Паводле слоў самога доктара можна было меркаваць, што вельмі многія яго таварышы працуюць у вялікіх гарадах. Васілевіч. Вярнуўшыся з задання, Андрэй дзень-два амаль не выходзіў з свае зямлянкі. Што ён там рабіў — таксама ніхто дакладна не ведаў. Кожны меркаваў па-свойму. Шамякін. // Лічыць неабходным, найбольш магчымым, патрэбным. — Самі ўжо мяркуйце, што рабіць: пакараць ці дараваць волю... Васілевіч. [Мікола:] Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць. Крапіва.

3. Мець намер, план. У самыя бліжэйшыя дні Сяргей меркаваў узяцца за складанне глебавай карты калгаса. Шахавец. Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.

4. Ацэньваць якім‑н. чынам, рабіць заключэнне. [Апейка:] — Мы будзем меркаваць пра вас па тым, што і як вы будзеце рабіць... Мележ. [Камандзір:] — Яно-то праўду гавораць, што па знешняму выгляду нельга меркаваць аб сіле чалавека. Шамякін.

5. Разм. Прымяраць, прыкідваць. Бацька сядзеў каля стала. Меркаваў скурат да пераплеценага лапця. Баранавых.

меркантылі́зм, ‑у, м.

1. Эканамічная тэорыя і палітыка ўрада, якая існавала ў Еўропе ў 16–18 стст., заснаваная на тым, што дабрабыт краіны залежыць быццам бы не ад развіцця вытворчасці, а ад перавагі вывазу тавараў з краіны над прывозам і накаплення грашовых капіталаў.

2. перан. Кніжн. Схільнасць да нажывы, гандлярства.

[Фр. mercantilisme ад іт. mercante — гандаль.]

меркантылі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік меркантылізму.

меркантылісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да меркантылізму. Меркантылістычная палітыка.