Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

медалі́ст, ‑а, М ‑лісце, м.

1. Той, хто атрымаў медаль за выдатныя поспехі ў вучобе.

2. Конь, сабака і пад., якія атрымалі на выстаўцы медаль за пародзістасць або іншыя якасці.

медалі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да медаліст.

меда́ль, ‑я, м.

Знак пераважна ў выглядзе металічнага кружка з якім‑н. рэльефным адбіткам і надпісам для ўзнагароды за асаблівыя заслугі, баявыя і працоўныя подзвігі. Медаль «За адвагу». Медаль «За працоўную доблесць». □ Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб .. шляху [Паходні] ў гады вайны. Хадкевіч. // Падобны знак, які выдаецца за выдатныя поспехі ў вучобе або пераможцам конкурсаў, спаборніцтваў. Залаты алімпійскі медаль. □ Уладзімір Ільіч ганарыўся залатым медалём, які ён атрымаў разам з атэстатам сталасці. Чарнышэвіч. // Падобны знак, выпушчаны ў памяць аб якой‑н. гістарычнай падзеі або ў гонар выдатнага дзеяча.

•••

Адваротны бок медаля гл. бок.

[Фр. médaille.]

медалье́р, ‑а, м.

Спецыяліст па вырабу форм для адліўкі і чаканні манет і медалёў.

[Фр. médailleur.]

медалье́рны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з вырабам форм для адліўкі і чаканні манет і медалёў.

медальён, ‑а, м.

1. Аздабленне авальнай ці круглай формы ў выглядзе футарала, унутр якога можна ўстаўляць фотаздымак або які‑н. талісман; носіцца звычайна на ланцужку на шыі. Налева ад трона, некалькі воддаль ад усіх, стаіць Гамлет. Па ім чорны аксамітавы плашч, на фоне якога блішчыць залаты ланцужок з вялікім медальёнам. «Полымя».

2. Рэльеф або малюнак у авальным або круглым абрамленні.

[Фр. médaillion.]

медальённы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да медальёна. Медальённы ланцужок.

меда́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да медаля; звязаны з вырабам медалёў. Медальная стужка. Медальны цэх.

меда́льшчык, ‑а, м.

Тое, што і медальер.

медано́с, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Меданосная расліна. Лазоўка з’яўляецца добрым меданосам.

2. ‑у. Тое, што і медазбор (у 1 знач.). Была пара грэцкага меданосу, калі дзень цэлы качаліся пчолы па белай пене грэчкі. Ермаловіч.