Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

з’езд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. з’язджацца — з’ехацца (у 2 знач.). Пачаўся з’езд гасцей.

2. ‑а. Сход прадстаўнікоў якіх‑н. вялікіх арганізацый, катэгорый насельніцтва і пад., які мае грамадска-палітычны або навуковы характар. З’езд КПСС. З’езд настаўнікаў. З’езд калгаснікаў. З’езд славістаў.

3. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. з’язджаць — з’ехаць (у 1, 2 знач.). З’езд з гары на санках. Пры з’ездзе з дарогі воз абярнуўся.

4. ‑а. Месца, па якім спускаюцца, з’язджаюць уніз: спуск. Відаць было, як яны [немцы] спускаліся па дарожным з’ездзе ўніз, хаваючыся за гліністымі буграмі. Лынькоў. Перш чым трапіць.. да мосціка, трэба з’ехаць пракапаным з’ездам, дзе калёсы і чалавек хаваюцца з галавою. Караткевіч.

з’е́здаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да з’езда (у 2 знач.). З’ездаўскія даклады.

з’е́зджаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад з’ездзіць (у 2 знач.).

2. у знач. прым. Сапсаваны доўгай або неакуратнай яздой. З’езджаныя шыны. □ [Пніцкі] цэлую.. вясну не браўся за пугу, каб наганяць свайго з’езджанага каня. Чорны.

з’е́зджвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да з’ездзіцца (у 1 знач.).

2. Зал. да з’езджваць.

з’е́зджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да з’ездзіць (у 3 знач.).

з’е́здзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Прыйсці ў непрыгоднасць ад доўгай язды. Сані з’ездзіліся. □ Вагон — хата Міколкава. Стары парахнявы вагон, з пашчапанымі коламі, са збітымі буферамі. З’ездзіўся вагон, пастарэў. Лынькоў.

2. Зак. да ездзіцца.

•••

Была кабылка, ды з’ездзілася гл. кабылка.

Быў конь (конік), ды з’ездзіўся гл. конь.

з’е́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. Паехаць куды‑н., пабыць там з якой‑н. мэтай і вярнуцца назад. З’ездзіць па дровы. З’ездзіць у горад. З’ездзіць у госці. З’ездзіць паглядзець новабудоўлю. □ У нядзелю Ганна Лявонаўна і Іван Трахімавіч з’ездзілі на базар, купілі тое-сёе. Корбан.

2. што. Пабыць у шмат якіх мясцінах, аб’ездзіць якую‑н. тэрыторыю. З’ездзіў усю краіну ўдоўж і ўпоперак. □ Не мала страціў зім, Не мала з’ездзіў свету. Не вытрымаў Максім, Рашыў: Дадому еду. Куляшоў.

3. каго-што. Разм. Сапсаваць, зрабіць непрыгодным ад частай язды. З’ездзіць колы. // Часта або многа ездзячы па чым‑н., стаптаць, папсаваць. З’ездзіць пасевы. З’ездзілі калёсамі ўсю пожню.

4. па чым, каму. Разм. Стукнуць, ударыць (у 6 знач.). — Трэба было, унучка, чапялою разы са тры па гарбу яму з’ездзіць. Сіняўскі.

з’е́сці, з’ем, з’ясі, з’есць; з’ядзім, з’ясце, з’ядуць; пр. з’еў, з’ела; заг. з’еш, з’ешце; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыняць якую‑н. ежу; скарыстаць на яду, на харчаванне. З’есці хлеба. З’есці яблык. З’есці па бліну. □ Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Чорны. Адзін з’еш хоць вала — адна хвала. З нар. // Загрызці, задушыць. Па пасёлку папаўзлі чуткі, што Гінку з’елі ваўкі. Корбан.

2. перан. Разм. Нападкамі, ганеннем звесці са свету, загубіць. — Заўсёды ён імкнуўся з’есці мяне, зжыць са свету, ну — і згубіць цяпер. Шынклер. Цешча зноў загаласіла: — А не вінаваты ж ён, не вінаваты!.. А з’елі ж яго свае зайздроснікі!.. Асіпенка. // Поўнасцю паглынуць, забраць. [Максім Астаповіч] абышоў навокал хату — усё было старое, трухлявае, разваленае. Вось і ўсё, што асталося дзеля Марынінай будучыні, хіба можа далучыць яшчэ сюды яго былую няўдалую мару, якая з’ела лепшыя яго маладыя гады. Чорны. З’ела царскае каранне Тарасову сілу, — Менш глядзеў ужо на неба, А больш у магілу. Купала.

3. Сапсаваць, пашкодзіць, грызучы і пад. (пра насякомых, грызуноў). Моль з’ела футра. □ Калі ўжо завёўся шашаль, можа ўсю будыніну з’есці дашчэнту. Баранавых. // Разм. Заесці, пакусаць (пра насякомых).

4. перан. Поўнасцю знішчыць (пра сілы прыроды і пад.). Снег рыхлы з’елі туманы, — Бярозавік цячэ ў збаны; Прынёс нам бусел на хвасце Вясну — чарэмшына цвіце. Бялевіч. Прыхваціла, з’ела Спёка ярыну. Купала.

5. Разм. Пашкодзіць, разбурыць (пра ядавітае рэчыва, іржу і пад.). Грыб з’еў падлогу. Іржа з’ела трубы.

6. Груб. пагард. Ужываецца як дакор пры звароце да каго‑н. у значэнні: вазьмі, забяры. Замест адказу Аўгіння схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду. — Вось па што хадзіла. З’еш яго! Колас.

7. Сцерці, затупіць (зубы).

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) — тое, што і з’есці (у 2 знач.).

З’есці пуд жалезнага бобу — набрацца вялікага цярпення для чаго‑н.

Зубы з’есці (праесці) на чым — доўгай працай, практыкай набыць вопыт, веды ў якой‑н. справе.

Кукіш (фігу, дулю, трасцу) з’есці — нічога не атрымаць.

Мала кашы з’еў — тое, што і мала кашы еў (гл. есці).

Пуд солі з’есці з кім — пражыць разам доўгі час.

Сабаку з’есці ў чым, на чым — мець багаты вопыт, навыкі, веды ў чым‑н.

з’е́сціся, з’есца; з’ядуцца; пр. з’еўся, з’елася; зак.

Разм.

1. Аказацца з’едзеным, скарыстаным у ежу. За зіму ўсё з’есца.

2. Знасіцца, сцерціся ад доўгага карыстання (пра зубы). Зубы ў каня з’еліся.

з’е́́ўшы,

Дзеепрысл. зак. ад з’есці.

•••

Як мыла з’еўшы — з незадаволеным, кіслым выглядам, у дрэнным настроі (пайсці, завярнуцца і пад.).