Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здабы́цца, ‑будзецца; зак.

Аказацца здабытым; з’явіцца ў выніку здабывання. Шчасце здабудзецца ў працы.

здабыццё, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здабываць — здабыць.

здабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што.

1. Дастаць, знайсці, атрымаць. Настаўніца перадала .. каштоўныя звесткі аб нямецкім гарнізоне ў мястэчку, якія здабыла па заданню партызанскага камандавання. Шчарбатаў. Пагутарыў [дзед Талаш] трохі з бабкаю Настаю, а потым у самоце думаў аб Панасе, аб яго вызвалены з панскай няволі і яшчэ аб тым, як здабыць сабе добрую стрэльбу. Колас. // Упаляваць. Здабыць выдру.

2. Дастаць з нетраў зямлі (карысныя выкапні). Здабыць нафту. Здабыць каменны вугаль. // перан. Выбраць з чаго‑н., знайсці. Мы не ведаем, з якой крыніцы Канчэўскі здабыў гэтыя словы, якія ён прыпісвае Скарыне, і наколькі яны адпавядаюць сапраўднасці. Алексютовіч. // Атрымаць што‑н. пры дапамозе доследаў, шляхам вытворчых працэсаў. Здабыць новы прэпарат.

3. перан. Дабіцца чаго‑н. шляхам барацьбы, настойлівасці, працы і пад. Здабыць волю. Здабыць славу. □ Мы ў баях перамогу здабудзем, Праз баі мы праб’ёмся назад. Астрэйка. Шматгадовай работай здабыў чалавек права на такі адпачынак. Бялевіч.

•••

Здабыць кроўю — дабіцца чаго‑н. у барацьбе цаною вялікіх ахвяр.

здабы́ча, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здабываць — здабыць. Здабыча золата. □ Вельмі ж непрадумана рабілася падсочка. Стараліся план па здабычы жывіцы выканаць, а што сосны могуць засохнуць — гэта не вельмі турбавала. Даніленка.

2. Тое, што здабыта, атрымана, дасягнута шляхам якіх‑н. намаганняў. Ваенная здабыча. □ Калісьці тут грабежнікі-піраты дзяліліся здабычаю багатай. А. Вольскі.

3. Тое, што здабыта на паляванні, лоўлі і пад.; прадмет палявання, лоўлі. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка. Хлапцы пачапілі сазаноў папружкай пад жабры, закінулі сваю.. здабычу за плечы і пайшлі. Самуйлёнак.

здабы́члівы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, які ўмее шмат здабываць (паляваннем, промыслам і пад.). Пра здабычлівага рыбалова гавораць: «яму шанцуе», «ён мае рыбацкае шчасце». Матрунёнак.

2. Які дае, прыносіць вялікую здабычу; выгадны. Здабычлівае паляванне.

здавальне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здавальняць — здаволіць.

2. Задаволенасць, задавальненне (у 2 знач.). Гордасць і здавальненне свяціліся на твары старшыні, калі ён паказаў Пракопу сваю сталоўку. Колас.

здавальня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да здаволіцца.

2. Зал. да здавальняць.

здавальня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да здаволіць.

здавальня́юча,

1. Прысл. да здавальняючы.

2. у знач. наз. здавальня́юча, нескл., н. Адзнака, якой ацэньваюць сярэдні ўзровень ведаў, паводзін і пад.; пасрэдна. Атрымаць здавальняюча па фізіцы.

здавальня́ючы, ‑ая, ‑ае.

Які задавальняе пэўныя запатрабаванні. Здавальняючы стан хворага. // Даволі поўны, правільны. Здавальняючы адказ. Здавальняючыя вынікі.