Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здубе́лы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і здубянелы.

здубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Тое, што і здубянець.

здубяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў рухомасць, адчувальнасць ад холаду (пра цела, часткі цела). Вось і сапёры. Адны з іх скончылі сваю працу і грэюць цяпер здубянелыя рукі і ногі. В. Вольскі. // Зацвярдзелы, злубянелы (пра адзенне). Соня пакінула на сябе здубянелы ад сырасці плашч. Гроднеў. Дзядзька памалу закасаў заскарузла-здубянелую зрэбную калашыну, агаліў рану. Ставер.

здубяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Азябнуўшы, страціць рухомасць, адчувальнасць (пра цела, часткі цела). Ногі здубянелі. □ Хлопцы даўно ўжо прамоклі да апошняй ніткі, здубянелі ад холаду. Маўр. // Зацвярдзець, здубянець (пра адзенне). Увесь ён быў у снезе, адзежа на ім здубянела. Лупсякоў.

здува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да здуць.

зду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і з інф.

Разм.

1. Узяць верх у барацьбе, бойцы; перамагчы, асіліць. Ён, Васілёк, прыкмячаў, хто гэтак кажа, а потым, злавіўшы ля свайго двара, біўся з тымі, каго мог здужаць. Сачанка. [Платон] адкрыта ганарыўся сваёй краінай, што яна такая моцная, здужала і нашчэнт разбіла гітлераўскія арміі. Ракітны.

2. Справіцца з тым, што патрабуе вялікіх фізічных намаганняў. Здужаў падняць мех на плечы. □ — Пяску акіян, — кажа хлопцу стары, — Да пеўняў насып каля схілаў гары, І будзе Джувіта жонкай тваёй. Здужаць не зможаш, — сам станеш гарой. Жычка. // Засвоіць, зразумець што‑н. [Бацька] бязлітасна школіў сына ў той няхітрай земляробчай навуцы, якую здужаў на практыцы сам. Быкаў.

зду́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да здужаць.

зду́мацца, ‑аецца; безас. зак.

Разм. Уздумацца, прыдумацца. Часам здумаецца.. [Сымонку] завыць ваўком. Бядуля.

зду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Выдумаць, прыдумаць. Прасцей за той шлях, што прывёў пастушка з маленькай вёскі Раткава да высокай годнасці Героя Савецкага Саюза, цяжка здумаць. «Беларусь». // Падумаць, дадумацца. — Я ж і цяпер сад калгасны даглядаю. А ты нават не здумаеш заглянуць на мой хутар. Пестрак.

зду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да здумаць.