здо́ба, ‑ы, ж.
1. Прыправа ў цеста (масла, яйцы, малако і пад.). Дабавіць здобы ў цеста.
2. зб. Булкі са здобнага цеста. Усталі нявесткі З кляновага ўслону, Пшанічную здобу Прынеслі з паклонам. Броўка. За касой паходзіш, і ў дастатку Апетыту — хоць вала нясі. Нават чэрствы хлеб усухамятку Лепш, чым здобу на мяду, з’ясі. Ляпёшкін.
здо́бны, ‑ая, ‑ае.
Прыгатаваны на малацэ, масле, яйцах і пад. (пра цеста і вырабы з яго). Здобная булка. □ У хаце было душна і прыемна пахла здобным цветам. Дуброўскі.
здо́брыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Разм. Праявіць дабрату, злітавацца над. кім‑, чым‑н.
здо́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад здаіць.
здой, здою, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. здойваць — здаіць.
здо́йвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да здойваць.
здо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да здаіць.
здо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і здале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. з інф. Быць у стане зрабіць, выканаць што‑н. [Таня] ведала; каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома. Шамякін. Вее крыл узмах На прасторы сінім, Мы пракласці шлях Здолеем, асілім. Пушча.
2. з інф. Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. пры пэўных абставінах. Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Чорны. — У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Васілёнак.
3. каго-што. Адолець, асіліць, змагчы. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. // перан. Цалкам завалодаць (пра фізічны стан). У палатцы пад ялінай Сон здалеў, схіліў Марата, Задрамаў, заснуў хлапчына. Шушкевіч.
здо́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць, асаблівасць каго‑н., што праяўляецца ў якой‑н. дзейснасці, учынках і пад.; уменне рабіць што‑н., весці сябе якім‑н. чынам і пад. Здольнасць рухацца. Разумовыя здольнасці. □ Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Колас. За гэткія свае здольнасці збіраць і разносіць навіны .. [Тодара] ў вёсцы празвалі Поштай. Крапіва. // Стан, якасць каго‑, чаго‑н., неабходныя для здзяйснення чаго‑н. або выкарыстання якім‑н. чынам. Прапускная здольнасць дарог. Пакупная здольнасць насельніцтва.
2. звычайна мн. (здо́льнасці, ‑ей). Прыродныя схільнасці да занятку чым‑н.; дар, талент. Музычныя здольнасці. Здольнасці да матэматыкі.